15 красавіка ў Мінску прайшоў фэст хрысціянскай музыкі пад назвай «Бог жыве». Канцэрт, які адбыўся ў старажытным каталіцкім кляштары, забраным яшчэ царскімі ўладамі і ў наш час пераробленым пад гатэль, быў прымеркаваны да святкавання Уваскрасення Хрыста і трэціх угодкаў няспыннай малітвы за Беларусь.
«Назва фэсту „Бог жыве“ падалася простай і глыбокай. Яна нясе надзвычай важнае пасланне для чалавека. Бог жыве ў нашай штодзённасці, жыве ў радасці і смутку, Ён хоча быць з намі побач ва ўсім, Ён чакае запрашэння ў нашае жыццё», — падкрэсліваюць арганізатары канцэрта.
На фэсце выступілі музыканты розных хрысціянскіх канфесій: «Рыбы», «Зоркі забылі ззяць», Зміцер Цярэнцьеў і Віктар Козел.
«Рыбы» — гэта каталіцкі музычны праект, творчасць якога добра ведаюць і любяць у Касцёле на Беларусі.
Маладыя і модныя, яны робяць музыку добрай якасці і выконваюць хрысціянскія хіты ў файных аранжыроўках. Удзельнікі шматлікіх хрысціянскіх фэстаў, частыя госці як у звычайных парафіях, так і на крутых фестывалях. Гурт запісаў ужо два альбомы і праводзіць сустрэчы «Грай Пану» для пачынаючых хрысціянскіх музыкантаў.
Адметнасць «Рыбаў» у тым, што гэта не проста гурт, а евангелізацыйны праект, які налічвае больш за 20 удзельнікаў, і з іх — шэсць сем’яў. Падчас выступленняў удзельнікі праекту дбаюць перадусім пра духоўнае перажыванне сваіх песень, бо гэта — своеасаблівая малітва: сваім спевам яны праслаўляюць Бога і запрашаюць іншых спяваць Яму.
Гурт «ЗоркіЗабыліЗьзяць» — «сямейны» калектыў. Яго ўдзельнікі — браты і сёстры Скарабагатыя.
Першы выступ гурта адбыўся ў 2008 г. на фестывалі «Каласы пад сярпом тваім». Спецыяльна для яго былі напісаныя песні, якія і да гэтага часу выконваюцца гуртом. Гурт выступае пераважна на фестывалях беларускамоўнай хрысціянскай музыкі, а яго ўдзельнікі маюць таксама свае асобныя музычныя праекты.
Зміцер Цярэнцьеў — парафіянін праваслаўнага храма св. Мікалая Японскага ў Мінску і актыўны ўдзельнік музычных хрысціянскіх мерапрыемстваў у сталіцы і ў рэгіёнах.
За плячыма ў выканаўцы некалькі гадоў выступаў перад рознымі аўдыторыямі: ад храмавых канцэртаў і дабрачынных акцый у дамах-інтэрнатах і да хрысціянскіх моладзевых фэстаў нацыянальнага і міжнароднага ўзроўню.
Выступаючы ў бардаўскім акустычным фармаце, музыкант мае даволі шырокі жанравы рэпертуар. У межах творчага праекту «Маестат» паводле духоўнай паэзіі Вадзіма Урублеўскага Зміцер стварае песні, якія закранаюць такія тэмы, як служэнне і подзвіг святых, гісторыя Царквы, жыццёвыя перажыванні і пошукі сэнсу, любоў, вера, надзея і, нарэшце, галоўная ў жыцці падзея — сустрэча з Госпадам.
Віктар Козел — у мінулым саліст гурта «Тэзаўрус», спявак з моцным вакалам, удзельнік групы праслаўлення неапратэстанцкай супольнасці «Ян Прадвеснік», актор.