«Уваскрасенне Хрыста — гэта сапраўдная надзея для свету. Гэта сіла пшанічнага зерня, моц любові, якая аддае сябе да канца і па-сапраўднаму абнаўляе свет», — адзначыў Святы Айцец у пасланні перад благаслаўленнем Urbi et Orbi (Гораду і свету), атрымаць якое на плошчы Святога Пятра 1 красавіка 2018 г. сабраліся сотні тысяч вернікаў.
Сёлета ў сваім традыцыйным пасланні вернікам Рыма і ўсяго свету Папа Францішак казаў пра плёны Уваскрослага Хрыста, якіх так прагнуць народы свету, найважнейшым з якіх з’яўлецца плён міру.
Дарагія браты і сёстры, шчаслівага Вялікадня! Езус уваскрос з памерлых. У Касцёле ва ўсім свеце гучыць гэтая вестка, разам са спевам „Аллелюя“: Езус — Пан, Айцец ўваскрасіў Яго з памерлых і Ён жыве сярод нас навекі.
Сам Езус прадвясціў сваю смерць і ўваскрасенне з дапамогай вобраза пшанічнага зерня. Ён казаў: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён» (пар. Ян 12, 24). Адбылося менавіта гэта: Езус, пшанічнае зерне, якое было пасеяна Богам у разоры зямлі, памёр, забіты грахом свету, два дні заставаўся ў магіле; але ў гэтай Яго смерці была заключана ўся моц Божай любові, якая вызвалілася і аб’явілася на трэці дзень, які сёння мы святкуем — Пасху Хрыста Пана.
Мы, хрысціяне, верым і ведаем, што ўваскрасенне Хрыста — гэта сапраўдная надзея для свету; надзея, якая не расчаруе.
Гэта сіла пшанічнага зерня, моц любові, якая прыніжаецца і аддае сябе ажно да канца, і якая па-сапраўднаму аднаўляе свет. Гэтая сіла прыносіць плён таксама і сёння, у разорах нашай гісторыі, пазначанай мноствам несправядлівасці і насілля.
Яна прыносіць плёны надзеі і годнасці там, дзе беднасць і адчужэнне, дзе голад і беспрацоўе, сярод перасяленцаў і бежанцаў — якія шматразова былі адрынуты актуальнай культурай адчужэння, — сярод ахвяр наркатрафіка, гандлю людзьмі і сучаснага рабства.
Сёння мы просім аб плёнах міру для ўсяго свету, пачынаючы з дарагой і спакутаванай Сірыі, насельніцтва якой ужо даведзена да крайнасці вайной, якой не відаць канца.
Няхай у гэты Вялікдзень святло Уваскрослага Хрыста асветліць сумленні ўсіх палітычных і вайсковых лідэраў, каб быў неадкладна пакладзены канец трываючай бойні, каб паважалася гуманітарнае права і быў забяспечаны доступ да дапамогі, у якой нашыя браты і сёстры маюць тэрміновую патрэбу, гарантуючы адначасова належныя ўмовы для вяртання тых, хто застаўся без даху над галавой.
Молімся аб плёнах прымірэння для Святой Зямлі, параненай канфліктамі, што не шкадуць нават безабаронных, для Емена і ўсяго Блізкага Усходу, каб дыялог і ўзаемапавага ўзялі верх над падзеламі і насіллем.
Няхай нашы браты ў Хрысце, якія нярэдка пакутуюць ад насілля і пераследу, будуць ззяючымі сведкамі Уваскрослага і перамогі дабра над злом.
У гэты дзень просім аб плёнах надзеі для людзей, якія прагнуць больш годнага жыцця, асабліва ў тых частках афрыканскага кантынента, якія церпяць ад голада, застарэлых канфліктаў і тэрарызма. Няхай супакой Уваскрослага загоіць раны ў Паўднёвым Судане: няхай адкрые сэрцы для дыялогу і ўзаемаразумення. Не забудземся пра ахвяр гэтага канфлікту, асабліва дзяцей! Няхай не будзе недахопу ў салідарнасці з многімі людзьмі, вымушанымі пакінуць свае землі і пазбаўленымі мінімума, неабходнага для жыцця.
Папросім аб плёнах дыялогу для карэйскага паўвострава, каб трываючыя перамовы паспрыялі гармоніі і прымірэнню ў рэгіёне. Няхай тыя, хто нясе непасрэдную адказнасць, дзейнічаюць з мудрасцю і разважлівасцю, каб спрыяць дабру карэйскага народа і будаваць адносіны даверу ва ўлонні міжнароднай супольнасці.
Папросім аб плёнах міра для Украіны, каб былі ўмацаваны крокі на карысць прымірэння і было аблегчана здзяйсненне неабходных насельніцтву гуманітарных ініцыятываў.
Молімся аб плёнах суцяшэння для венесуэльскага народа, які — як напісалі яго пастыры, — жыве як быццам на чужыне ва ўласнай краіне. Няхай дзякуючы моцы Уваскрасення Пана Езуса ён зможа знайсці правільны шлях, мірны і гуманны, каб як мага хутчэй выйсці з палітычнага і гуманітарнага крызіса, які яго сціскае. Няхай не адчуваюць недахопу ў гасціннасці і падтрымцы тыя яго сыны, якія былі вымушаны пакінуць сваю Айчыну.
Няхай Уваскрослы Хрыстус прынясе плёны новага жыцця дзецям, якія з-за войнаў і голаду растуць без надзеі, пазбаўленыя адукацыі і медыцынскай дапамогі, а таксама пажылым асобам, адрынутым эгаістычнай культурай, якая адсоўвае ў бок тых, хто не з’яўляецца «прадуктыўным».
Памолімся аб плёнах мудрасці для тых, хто ва ўсім свеце нясе палітычную адказнасць, каб заўсёды паважалі чалавечую годнасць, з адданасцю прыкладалі намаганні ў служэнні супольнаму дабру і забяспечвалі развіццё і бяспеку для сваіх грамадзян.
Дарагія браты і сёстры, таксама да нас, падобна як да жанчын, што прыбеглі да магілы, скіравана гэтае слова: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (пар. Лк 24, 5–6). Смерць, самотнасць і страх больш не маюць апошняга слова. Ёсць такое слова, якое выходзіць за межы чалавечага ўяўлення і якое толькі Бог можа прамовіць: гэта слова Уваскрасенне (пар. Ян Павел ІІ. Прамова на заканчэнне Крыжовага шляху, 18 красавіка 2003 г.). Моцай Божай любові яно «праганяе злосць, змывае правіны і вяртае ласку ўпаўшым, а засмучаным радасць. Знішчае нянавісць, яднае ў згодзе і скарае зямныя ўлады» (пар. Абвяшчэнне Пасхі — Exultet). Шчаслівага Вялікадня ўсім!
Пасля звароту і благаслаўлення Пантыфік асаблівым чынам прывітаў прысутных на плошчы Святога Пятра вернікаў і тых, хто сачыў за трансляцыяй з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі.