Сакратар Папскай рады па культуры біскуп Пол Тай даў інтэрв’ю аўстрыйскаму інфармацыйнаму агенцтву Kathpress.
Паводле іерарха, вялікая колькасць людзей не разумее мовы Касцёла, часам празмерна сур’ёзнай і высокаінтэлектуальнай.
Таму Касцёл павінна цікавіць, як яго ўспрымаюць вернікі. Яго прадстаўнікам варта ўдзельнічаць у дэбатах на актуальныя тэмы, «замест адказаў на пытанні, якія ніхто не задае».
Ватыканскі іерарх ірландскага паходжання прыняў удзел у канферэнцыі «Хрысціянства і медыйнасць», якая прайшла ў Франкфурце-на-Майне. Свой даклад ён прысвяціў «місіі на лічбавым кантыненце».
Як падкрэсліў біскуп Тай, абвяшчэнне Евангелля — гэта дзяленне дарам радасці з іншымі, таму існуе патрэба ў паважлівым і міласэрным стылі камунікацыі.
«Калі Касцёл не будзе прысутнічаць у лічбачых СМІ, ён згубіць важную частку рэальнасці жыцця людзей. Таму ён павінен няспынна думаць аб тым, што значыць жыць у свеце, які змяняецца з культурнага пункту гледжання», — нагадаў біскуп Пол Тай.
На думку іерарха, фундаментальнай прыладай камунікацыі Касцёла з’яўляюцца людзі, якія хочуць несці Добрую навіну. Аднак «калі чалавек „несапраўдны“ і няшчыры, ніхто не будзе яго слухаць».
Біскуп Тай заўважыў, што душпастыры павінны задумвацца пра выкарыстанне сацыяльных СМІ ў сваім служэнні, але пры гэтым памятаць, што не кожны павінен размяшчаць відэазапісы сваіх гамілій на юцюбе і не кожны святар можа карыстацца твітарам.
Гаворачы пра досвед пратэстанцкіх «мегацэркваў», якія прафесійна карыстаюцца лічбавымі СМІ, ватыканскі іерарх пагадзіўся, што ў гэтых супольнасцяў можна нечаму павучыцца, але медыйны шум, які ўзнікае вакол іх, грунтуецца на эмоцыях, і гэта «не ёсць каталіцкі шлях».