25–26 жніўня Святы Айцец наведае Ірландыю, дзе возьме ўдзел у Сусветнай сустрэчы сем’яў. Пра гэта Пантыфік паведаміў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра 21 сакавіка.
«З нагоды бліжэйшай Сусветнай сустрэчы сем’яў я маю намер скіравацца ў Дублін з 25 па 26 жніўня гэтага года. Ужо цяпер я дзякую дзяржаўным уладам, біскупам, біскупу Дубліна і ўсім тым, хто працуе над падрыхтоўкай гэтага візіту», — сказаў Святы Айцец.
Перад гэтым папа Францішак прывітаў прысутных на агульнай аўдыенцыі ірландскіх пілігрымаў, якія прадставілі Святому Айцу афіцыйны абраз гэтай сустрэчы: трыптых з выяваю Святой Сям’і, уваскрашэння дачкі Яіра і вяселля ў Кане Галілейскай. Гэты абраз быў асвячаны Дублінскім арцыбіскупам і прымасам Ірландыі Дыярмайдам Марцінам і на працягу года перэгрынаваў па парафіях усёй краіны.