Пошук

21.03.2018 17:42   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Падчас генеральнай аўдыенцыі, якая прайшла 21 сакавіка на плошчы Святога Пятра, Святы Айцец у сваёй катэхезе засяродзіўся на моманце Імшы, калі вернікі прымаюць Хрыста: святой Камуніі.

«Сёння — першы дзень вясны: цудоўнай вясны!»

— так радасна распачаў Папа традыцыйную сустрэчу з вернікамі пад сапраўды па-веснавому блакітным і сонечным небам Вечнага Горада.

Падкрэсліўшы, што вясна — гэта пара, калі ўсё квітнее, Святы Айцец сказаў, што таксама і хрысціянскае жыццё павінна квітнець добрымі ўчынкамі, учынкамі міласэрнай любові.

«Але калі ў цябе няма каранёў, ты не зможаш квітнець, а хто з’яўляецца коранем? Езус! Калі ты не з Езусам, там, у корані, — не расквітнееш. Калі не будзеш „паліваць“ сваё жыццё малітвай і сакрамэнтамі, ці з’явяцца ў вас хрысціянскія кветкі? Не! Таму што малітва і сакрамэнты арашаюць карэнне, і тады нашае жыццё квітнее.

Жадаю, каб гэтая вясна стала для вас вясною росквіту, як расквітнее Вялікдзень. Росквіту добрых справаў, цнотаў, дабра, зробленага іншым».

Працягваючы катэхетычныя разважанні на тэму св. Імшы, папа Францішак адзначыў, што мы цэлебруем Эўхарыстыю для таго, каб насычацца Хрыстом, які дае нам сябе як у Слове, так і ў Сакрамэнце алтара, каб прыпадобніць нас да сябе. Тое, што Езус зрабіў на Апошняй Вячэры, даўшы вучням свае Цела і Кроў як спажытак, здзяйсняецца таксама і сёння ў служэнні святара і дыякана — звычайных служыцеляў, якія падаюць сваім братам Хлеб жыцця і Келіх збаўлення.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што калі святар, трымаючы ў руках кансэкраваны хлеб — Цела Хрыста — і паказваючы яго вернікам, заклікае іх да ўдзелу ў Эўхарыстычнай гасціне, ён прамаўляе словы «шчаслівыя пакліканыя на вячэру Ягоную», якія ў Апакаліпсісе гучаць як «шчаслівыя пакліканыя на вясельную гасціну Ягняці» (пар. Ап 19, 9). Хрыстус — Абраннік нявесты-Касцёла, і гэтыя словы заклікаюць адчуць унутраны саюз з Хрыстом, крыніцай радасці і святасці.

Гэтыя словы выклікаюць радасць і адначасова схіляюць да рахунку сумлення ў святле веры. З аднаго боку, вернік бачыць адлегласць, якая аддзяляе яго ад Хрыстовай святасці, але з другога верыць у тое, што Яго Кроў праліваецца «дзеля адпушчэння грахоў», якое адбылося ў сакрамэнце хросту і кожны раз адбываецца ў сакрамэнце пакаяння.

«Не забывайцеся: Езус заўсёды прабачае. Езус не стамляецца прабачаць. Гэта мы стамляемся прасіць прабачэння».

Потым удзельнікі Імшы з вераю скіроўваюць позіркі да Божага Баранка, які бярэ на сябе грахі свету, і на кожнай Імшы ўсклікаюць да Яго: «Пане, я не варты, каб Ты прыйшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая».

Хоць вернікі самі ў працэсіі ідуць прымаць Камунію, насамрэч гэта Хрыстус выходзіць ім насустрач, каб прыпадобніць да сябе. Насычацца Эўхарыстыяй азначае дазволіць сябе перамяніць у Таго, каго ў ёй прымаюць.

«Кожны раз, прымаючы Камунію, мы ўсё больш прыпадабняемся да Езуса, усё больш перамяняемся ў Езуса.

Як хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Пана, таксама і тыя, хто іх з вераю прымаюць, перамяняюцца ў жывую Эўхарыстыю.

<…> Яднаючы нас з Хрыстом, вызваляючы ад нашага эгаізму, Камунія нас адкрывае і яднае з усімі тымі, хто ў Ім становіцца адным цэлым. Вось у чым заключаецца цуд Эўхарыстыі: мы становімся Тым, каго прымаем».

Папа падкрэсліў, што Касцёл жадае, каб таксама і вернікі прымалі Цела Хрыста ў Гостыях, кансэкраваных на гэтай жа Імшы, а таксама нагадаў, што сімволіка Эўхарыстычнай гасціны паўней выяўляецца, калі Камунія ўдзяляецца ў дзвюх постацях, хоць варта пры гэтым памятаць, што і ў кожнай з постацяў паасобку прысутнічае ўвесь Хрыстус. У Касцёле прынята падыходзіць да Камуніі ў працэсіі і прымаць яе стоячы або на каленях, як гэта вызначаць Канферэнцыі біскупаў, у вусны або, дзе гэта дазволена, па жаданні прымаць яе на далонь.

Захоўваць у сэрцы прыняты дар вернікам дапамагае малітва ў маўчанні. Пантыфік заахвочвае зрабіць гэты момант маўчання крыху даўжэйшым, размаўляючы ў сэрцы з Езусам, які ў Эўхарыстыі нас умацоўвае ў добрых справах.

Абноўлена 22.03.2018 12:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця