Катэхеза Святога Айца падчас агульнай аўдыенцыі, якая 14 сакавіка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, была прысвечана чарговай частцы святой Імшы — малітве «Ойча наш».
«Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім» (пар. Лк 24, 30). Па гэтым жэсце апосталы пазналі Езуса. З гэтых словаў з Евангелля паводле Лукі папа Францішак распачаў сваю катэхезу на тэму малітвы «Ойча наш», якая прамаўляецца падчас Імшы перад кансэкрацыяй.
Маліцца так, як маліўся Езус
Святы Айцец падкрэсліў, што малітва «Ойча наш» — гэта не адна са шматлікіх хрысціянскіх малітваў, а малітва дзяцей Божых, вялікая малітва.
Калі мы молімся «Ойча наш», мы молімся так, як маліўся Езус. Гэта малітва, якую ўклаў Езус і якой нас навучыў, калі вучні папрасілі Яго: «Настаўнік, навучы нас маліцца, як Ты молішся». І Езус так маліўся. Гэта вельмі прыгожа — маліцца, як Езус!
Кажам «Ойча», але ці адчуваем сябе дзецьмі?
Мы называем Езуса Айцом, таму што праз ваду і Святога Духа мы адроджаныя як Ягоныя дзеці.
Але як часта людзі, якія прамаўляюць «Ойча наш», не ведаюць, што яны гавораць. Канечне, так: Ён — Айцец, але ці ты адчуваеш, што, калі кажаш «Ойча», Ён з’яўляецца Айцом, тваім Айцом, Айцом чалавецтва, Айцом Езуса Хрыста? «Ах, не… я не думаў». Калі мы молімся «Ойча наш», яднаемся з Айцом, які нас любіць, але гэта Дух Святы, які дае нам гэтае паяднанне, гэтае адчуванне таго, што мы — дзеці Божыя.
Ласка прабачэння
Толькі малітва «Ойча наш» можа падрыхтаваць нас да сакрамэнтальнай Камуніі з Езусам. «Ойча наш» прамаўляецца раніцай і вечарам, у Ютрані і ў Нешпарах, і такім чынам гэтая малітва надае хрысціянскую форму нашым дням. У «Ойча наш» мы просім штодзённага хлеба, просім таксама аб адпушчэнні нашых правінаў, абяцаючы прабачыць тым, хто нас пакрыўдзіў, адкрываючыся для любові да братоў.
Нялёгка прабачыць тым, хто нас пакрыўдзіў; гэта ласка, аб якой мы павінны прасіць: «Пане, навучы мяне прабачаць, як і Ты мне прабачыў». Гэта ласка, ці не так? Сваімі ўласнымі сіламі мы не можам. Прабачаць — гэта ласка Святога Духа.
Мір з Богам і з братамі
У «Ойча наш» мы таксама заклікаем Бога, каб Ён вызваліў нас ад зла і адарыў нас супакоем. Канкрэтны жэст, у якім мы перадаем адно аднаму знак супакою, са старажытнасці папярэднічаў Эўхарыстычнай Камуніі, таму што немагчыма быць у еднасці з Айцом, не будучы ў еднасці з бліжнім.
На заканчэнне Папа сказаў, што за гэтым жэстам адбываецца ламанне Хлеба і падрыхтоўка да Эўхарыстычнай гасціны. Хлеб, які ламаецца за жыццё свету, — гэта сам Езус, Ягнё Божае.