У пятую гадавіну абрання папы Францішка з’явіўся трэйлер новай працы нямецкага кінарэжысёра, сцэнарыста і прадзюсара, прэзідэнта Еўрапейскай кінаакадэміі Віма Вендэрса, прысвечанай Пантыфіку.
«Нават у самых смелых сваіх марах я ніколі сабе не ўяўляў, што здыму фільм пра папу Францішка»,
— кажа рэжысёр, прадстаўляючы сваю апошнюю працу, у якой перад гледачом з’яўляецца жывы вобраз Святога Айца.
Стужка «Папа Францішак. Чалавек слова», якую па ўласным сцэнарыі зняў Вім Вендэрс, — гэта больш, чым проста дакументальны фільм пра жыццё Папы: гэта асабістае падарожжа з папам Францішкам.
Як зазначыў прэфект Сакратарыяту Святога Пасаду па камунікацыі кс. Дарыё Эдаардо Вігано, мэтай праекту было зняць фільм не пра папу Францішка, а з папам Францішкам.
Аператарская тэхніка фільма direct-to-camera (проста на камеру) ставіць гледача тварам у твар з Папам, літаральна ствараючы дыялог паміж ім і навакольным светам. Сабраўшы пытанні людзей на розных напрамках і этапах жыццёвага шляху, Святы Айцец адказвае земляробам і працоўным, мігрантам і вязням, дзецям і старым, жыхарам трушчобаў і лагераў бежанцаў. Усе гэтыя галасы і твары ствараюць агульны вобраз чалавецтва, якое яднаецца ў дыялогу з папам Францішкам.
Гэтая «сімфонія пытанняў» утварае канву фільма, які паказвае Святога Айца таксама ў яго шматлікіх падарожжах па свеце, падчас выступаў у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і перад Кангрэсам ЗША; як ён смуткуе разам з сабранымі на месцы тэрарыстычных актаў 11 верасня ў Нью-Ёрку і ў мемарыяле ахвярам халакосту Яд ва-Шэм у Іерусаліме; як ён гаворыць з вязнямі ў турмах і з мігрантамі ў лагерах бежанцаў. Глядач бачыць яго на Святой Зямлі, у Афрыцы, у Паўднёвай Амерыцы і ў Азіі.
У фільме папа Францішак дзеліцца ўласным бачаннем Касцёла і сваім вялікім клопатам пра бедных, заклапочанасцю праблемамі экалогіі і сацыяльнай справядлівасці. Ён заклікае да міру тых, хто ўдзельнічае ва ўзброеных канфліктах, і запрашае да дыялогу прадстаўнікоў розных рэлігій. Стужка праводзіць паралель паміж Пантыфікам і св. Францішкам, імя якога ён сабе ўзяў.
У часы глыбокага недаверу да свету палітыкі і да ўладаў, у свеце, дзе пануе падман, карупцыя і маніпуляцыі, стужка паказвае чалавека, які жыве тым, што абвяшчае, дзякуючы чаму выклікае давер у прадстаўнікоў самых розных рэлігійных і культурных поглядаў.
Дакументальны фільм «Папа Францішак. Чалавек слова» зняты Вімам Вендэрсам у супрацоўніцтве з Ватыканам, што само па сабе здараецца нячаста, распавядае пра думкі і словы Святога Айца, пра яго пастырскую працу, пра адказы, якія ён дае на глабальныя выклікі сучаснага свету, такія, як смерць, сацыяльная несправядлівасць, праблема мігрантаў і бежанцаў, абарона навакольнага асяроддзя, матэрыялізм і крызіс сям’і.
Вільгельм Эрнст (Вім) Вендэрс — нямецкі кінарэжысёр, фатограф, сцэнарыст і прадзюсар, прэзідэнт Еўрапейскай кінаакадэміі з 1996 г. Зняў больш за 20 паўнаметражных, каля дзясятка дакументальных і музычных і каля тузіну кароткаметражных фільмаў. Сярод атрыманых ім шматлікіх узнагарод і прэмій: «Залаты леў» Венецыянскага кінафестывалю (фільм «Стан рэчаў, 1982 г.), «Залатая пальмавая галіна» Канскага кінафестывалю (фільм «Парыж, Тэхас», 1984 г.), прыз за лепшую рэжысуру Канскага кінафестывалю (фільм «Неба над Берлінам», 1987 г.). У 2015 г. атрымаў галоўную ўзнагароду Берлінскага кінафестывалю ганаровага «Залатога мядзведзя» за творчую кар’еру. Быў тройчы намінаваны на «Оскара».