Пошук

12.03.2018 14:58   Паводле: Libreria Editrice Vaticana / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

11 сакавіка, у чацвёртую нядзелю Вялікага посту, Святы Айцец перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра засяродзіўся на закліку да радасці, прычына якой у Божай любові да чалавека.

«Якая ж прычына гэтай радасці? А прычына — вялікая любоў Бога да чалавека, пра якую нам кажа сённяшняе Евангелле: „Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае“ (пар. Ян 3, 16).

Гэтыя словы, сказаныя Езусам падчас Яго размовы з Нікадэмам, выражаюць сутнасць хрысціянскага паклікання: нават тады, калі становішча здаецца безнадзейным, пачынае дзейнічаць Бог, які дае чалавеку збаўленне і радасць.

Сапраўды, Бог не застаецца ў баку, але ўваходзіць у гісторыю чалавецтва, „умешваецца“ ў наша жыццё, уваходзіць, каб адрадзіць яго сваёй ласкай і збавіць».

Хрысціяне пакліканыя ўслухацца ў гэтую вестку і адкінуць спакусу самаўпэўненасці, імкнення абысціся без Бога, змагання за абсалютную свабоду ад Яго і ад Ягонага слова.

«Калі мы знаходзім у сабе мужнасць прызнаць, кім мы насамрэч ёсць, — а для гэтага патрэбная мужнасць! — то бачым, што павінны лічыцца са сваёй слабасцю і абмежаванасцю».

З-за гэтага чалавека можа ахапіць трывога, занепакоенасць заўтрашнім днём, страх перад хваробай і смерцю. Таму так шмат людзей у пошуках выйсця спрабуюць праскочыць нацянькі, часам з небяспекай для сябе, напрыклад, праз тунэль наркаманіі або шляхам забабонаў ці разбуральных магічных рытуалаў.

«Добра ўсведамляць свае межы, сваю слабасць; трэба пра гэта ведаць, але не для таго, каб расчаравацца, а каб аддаць іх Пану; а Ён дапамагае нам на шляху аздараўлення, бярэ нас за руку і ніколі не пакідае адных — ніколі! Бог з намі, і таму я „весялюся“, мы „весялімся“ сёння: „Весяліся, Ерузалем“, — кажа Бог, таму што Ён з намі».

Папа Францішак падкрэсліў, што радасць хрысціяніна ў тым, што ён ускладае надзею на Бога Айца, багатага міласэрнасцю, які даў свайго Сына, каб нас збавіць.

«У нас таксама нямала смуткаў, але калі мы — сапраўдныя хрысціяне, ёсць гэтая надзея: маленькая радасць, якая расце і дае табе ўпэўненасць».

Святы Айцец заклікае вернікаў не падаць духам, бачачы свае межы, свае грахі, свае слабасці, таму што Бог заўсёды побач. Трэба глядзець на Укрыжаванага і казаць у душы: «Бог мяне любіць». Бог большы за чалавечыя абмежаванні: слабасць, нявернасць і грахі.

«Возьмем жа Пана за руку, будзем глядзець на Укрыжаванага і ісці наперад», — заклікаў Пантыфік.

Просячы заступніцтва Марыі, Маці міласэрнасці, Папа звярнуўся да Яе з малітвай укласці ў сэрцы вернікаў упэўненасць у тым, што Бог нас любіць.

«Няхай Яна будзе побач у хвіліны, калі мы адчуваем сябе ў самоце, калі маем спакусу адступіць перад жыццёвымі цяжкасцямі. Няхай Яна дасць нам пачуцці свайго Сына Езуса, каб наш велікапосны шлях стаў досведам прабачэння, прымання і любові».

Пасля супольнай малітвы папа Францішак звярнуўся са словамі прывітання да студэнтаў універсітэтаў з розных частак свету, якія сабраліся на першы ватыканскі «Хакатон», арганізаваны Папскай радай па сродках масавай камунікацыі:

«Дарагая моладзь, добрая справа прысвяціць інтэлект, якім адорвае нас Бог, служэнню праўдзе і найбольш патрабуючым».

Абноўлена 12.03.2018 18:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця