Пошук

02.01.2024 08:33   Vatican News
Фота: independent.co.uk

У першы дзень новага, 2024 года Папа Францішак правёў малітву «Анёл Панскі», перад якой падзяліўся сваімі думкамі наконт урачыстасці Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі.

Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец у разважанні перад малітвай звярнуў увагу на тэкст Евангелля з першага дня новага года — урачыстасці святой Багародзіцы Марыі, «якое адкрывае нам, што веліч Марыі не ў тым, што Яна здзейсніла нейкі незвычайны ўчынак; наадварот, пакуль пастухі, атрымаўшы вестку ад анёлаў, спяшаюцца ў Бэтлеем (Лк 2, 15–16), Яна маўчыць».

«Маўчанне маці — выдатная рыса. Гэта не проста адсутнасць словаў: гэта маўчанне, напоўненае захапленнем і пакланеннем перад цудамі, якія чыніць Бог.

„Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім“ (Лк 2, 19), — адзначае святы Лука. Такім чынам яна вызваляе ў сабе месца для Таго, хто нарадзіўся; у маўчанні і адарацыі Яна ставіць Езуса ў цэнтр і сведчыць аб Ім як Збаўцы», — заўважыў Пантыфік.

Ён патлумачыў, што Марыя «з’яўляецца Маці не толькі таму, што насіла Езуса ў сваім улонні і нарадзіла Яго, але таму, што ўводзіць Яго ў свет, не займаючы Яго месца».

«Яна будзе маўчаць нават пад крыжам, у самую змрочную гадзіну, і працягне вызваляць месца для Яго, і нараджаць Яго для нас», — дадаў Папа.

Святы Айцец працытаваў паэта ХХ стагоддзя (D.M. TUROLDO, Laudario alla Vergine. Via pulchritudinis, Bologna 1980, 35), які назваў Багародзіцу «катэдрай маўчання»:

«Сваім маўчаннем і пакорай Марыя з’яўляецца першай катэдрай Бога; месцам, дзе Ён і чалавек могуць сустрэцца», — пракаментаваў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён дадаў, што «і нашыя маці з іх непрыкметным клопатам, з іх уважлівасцю часта бываюць цудоўнымі катэдрамі цішыні»; «яны прыводзяць нас у свет, а потым працягваюць ісці за намі, часта незаўважнымі, каб мы маглі расці. Давайце памятаць пра гэта: любоў ніколі не душыць: любоў робіць месца для іншага і дазваляе яму расці», — сцвердзіў Святы Айцец.

Папа заклікаў на пачатку Новага года глядзець на Марыю, а таксама на ўсіх маці, вучыцца ў іх той любові, «якая культывуецца перш за ўсё ў цішыні, якая ўмее даць месца іншым, паважаючы іх годнасць, пакідаючы свабоду самавыяўлення, адпрэчваючы ўсе формы панавання, прыгнёту і гвалту».

На думку Папы, сёння, калі свабода і мірнае суіснаванне знаходзяцца пад пагрозай, калі людзі паддаюцца спакусе эгаізму, карысталюбства, нажывы і прагі ўлады, у гэтым існуе вялікая патрэба.

Любоў, нагадаў ён, «складаецца з павагі і дабрыні: яна разбурае бар’еры і дапамагае жыць братэрскімі адносінамі, будаваць больш справядлівае і гуманнае, больш мірнае грамадства».

«Памолімся да Маці Божай і нашай Маці, каб у новым годзе мы ўзрасталі ў гэтай далікатнай, маўклівай і стрыманай любові, якая спараджае жыццё і адкрывае ў свеце шляхі міру і згоды», — заахвоціў Папа Францішак, запрашаючы вернікаў да малітвы Анёл Панскі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа