Пошук

21.03.2022 11:10   Паводле: Vatican News
Фота: Vatican Media

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла 20 сакавіка ў Ватыкане, Папа Францішак зноў скіраваў рашучы заклік з асуджэннем вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны.

Словы Святога Айца перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Дарагія браты і сёстры, на жаль, не спыняецца гвалтоўная агрэсія супраць Украіны; бессэнсоўная бойня, падчас якой спусташэнні і зверствы здзяйсняюцца кожны дзень.

Гэтаму няма ніякага апраўдання. Я заклікаю ўсіх удзельнікаў міжнароднай супольнасці па-сапраўднаму прыкласці намаганні, каб спыніць гэтую агідную вайну.

На гэтым тыдні ракеты і бомбы таксама падалі на мірных жыхароў, на пажылых людзей, на дзяцей і цяжарных маці. Я адведаў параненых дзяцей, якія знаходзяцца тут, у Рыме: у аднаго няма рукі, іншы — з параненай галавой. Нявінныя дзеці…

Я думаю пра мільёны ўкраінскіх бежанцаў, вымушаных уцякаць, пакідаючы ўсё, і адчуваю глыбокі боль за тых, хто не мае магчымасці ўратавацца. Вельмі шмат бабуль і дзядуль, хворых і бедных, разлучаных са сваімі блізкімі, вельмі шмат дзяцей і ўразлівых людзей застаюцца гінуць пад бомбамі, не маючы магчымасці атрымаць дапамогу і знайсці бяспеку нават у бамбасховішчах.

Усё гэта бесчалавечна і, больш за тое, з’яўлецца блюзнерствам, бо здзяйсняецца супраць святасці чалавечага жыцця, асабліва супраць безабароннага чалавечага жыцця, якое трэба паважаць, абараняць, а не знішчаць, і якое знаходзіцца па-над якімі-кольвечы стратэгіямі. Давайце не будзем забываць: гэта бесчалавечная і блюзнерская жорсткасць», — сказаў Папа, заклікаўшы памаліцца ў цішыні за людзей, якія пакутуюць.

«Мяне суцяшае, што людзі, якія засталіся пад бомбамі, не пазбаўлены блізкасці пастыраў, якія ў гэтыя трагічныя дні жывуць згодна з Евангеллем любові і братэрства. Я чуў некаторых з іх па тэлефоне: яны блізкія да Божага народа. Дзякую, дарагія браты, дарагія сёстры за гэтае сведчанне, за канкрэтную падтрымку, якую вы з адвагай аказваеце многім людзям у роспачы», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак нагадаў таксама пра Апостальскага нунцыя ва Украіне, арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса, які застаўся ў Кіеве разам са сваімі супрацоўнікамі, каб праз сваю прысутнасць кожны дзень набліжаць Папу да спакутаванага ўкраінскага народа.

«Давайце будзем блізкімі да гэтага мучаніцкага народа і абдымем яго з любоўю, праз канкрэтныя высілкі і малітву. Калі ласка, давайце не будзем прызвычайвацца да вайны і насілля!» — сказаў Святы Айцец, заклікаўшы працягваць велікадушна прымаць украінскіх бежанцаў таксама ў наступныя тыдні і месяцы. Папа заклікаў асаблівым чынам абараніць украінскіх дзяцей і жанчын, якіх, беспрацоўных і разлучаных са сваімі мужамі, будуць шукаць «сцярвятнікі» грамадства.

«Запрашаю ўсе супольнасці і ўсіх вернікаў з’яднацца са мной у пятніцу, 25 сакавіка, ва Урачыстасць Звеставання Пана, у здзяйсненні ўрачыстага чыну прысвячэння чалавецтва, асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі, каб Яна, Валадарка супакою, прынесла супакой у свет», — заахвоціў на заканчэнне свайго звароту Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця