Ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка, падчас пакаяннага набажэнства ў ватыканскай базыліцы святога Пятра, Папа Францішак прысвеціць Расію і Украіну Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
Адначасова гэта здзейсніць у Фаціме Папскі элемазінарый кардынал Конрад Краеўскі, які ў якасці спецпрадстаўніка Папы на мінулым тыдні прыбыў ва Украіну.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, набажэнства распачнецца ў 17.00 па сярэднееўрапейскім часе.
Ватыканскі медыярэсурс нагадвае, што Маці Божая падчас аб’яўлення 13 ліпеня 1917 года ў Фаціме прасіла аб прысвячэнні Расіі Яе Беззаганнаму Сэрцу.
Багародзіца асцерагла, што, калі гэтая просьба не будзе выканана, Расія працягне распаўсюджваць «свае памылкі па ўсім свеце, спрыяючы войнам і пераследу».
Касцёл прызнаў сапраўднасць фацімскіх аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі, і пасля іх было праведзена некалькі такіх набажэнстваў. Папа Пій XII 31 кастрычніка 1942 года прысвяціў Беззаганнаму Сэрцу Марыі ўвесь свет, а 7 ліпеня 1952 года — народы Расіі ў Апостальскім лісце Sacro vergente. Папа Павел VI 21 лістапада 1964 года аднавіў прысвячэнне Расіі Беззаганнаму Сэрцу ў прысутнасці Айцоў Другога Ватыканскага Сабору.
Папа Ян Павел II узнёс малітву прысвячэння ў рымскай базыліцы Святой Марыі Вялікай 7 чэрвеня 1981 года, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Потым, каб больш поўна адказаць на просьбу Маці Божай, у Святы Год Адкуплення ён здзейсніў акт прысвячэння 7 чэрвеня 1981 года і паўтарыў яго ў Фаціме 13 мая 1982 года. Ва ўрачыстасць Звеставання, 25 сакавіка 1984 года, на плошчы святога Пятра, у духоўным саюзе з усімі біскупамі свету, Ян Павел ІІ даверыў усе народы Беззаганнаму Сэрцу Марыі.
У чэрвені 2000 года Святы Пасад раскрыў трэцюю частку Фацімскай таямніцы, і тагачасны сакратар Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскуп Тарчызіё Бэртонэ падкрэсліў, што сястра Лусія ў лісце ад 1989 года асабіста пацвердзіла, што гэты ўрачысты і паўсюдны акт прысвячэння адпавядае таму, чаго хацела Маці Божая: «Так, гэта было зроблена такім чынам, як прасіла Маці Божая, 25 сакавіка 1984 года», — напісала яна.
У той час яшчэ існаваў Савецкі Саюз, і ў яго, акрамя Расіі і Украіны, уваходзіла таксама Беларусь і яшчэ дванаццаць іншых рэспублік, якія ў 1991 годзе сталі незалежнымі дзяржавамі.
Цяпер Папа Францішак прысвеціць Расію і Украіну Беззаганнаму Сэрцу Марыі як дзве асобныя краіны, паміж якімі ідзе братазабойчая вайна. Між тым ва Украіну кіруецца вандроўная фігура Маці Божай Фацімскай. Яе перэгрынацыя пройдзе ў ахопленай вайной краіне, якую былі вымушаны пакінуць мільёны бежанцаў.