Адна з вандроўных фігур Маці Божай з Фацімскага санктуарыя вырушыла ў перэгрынацыю ва Украіну.
Як паведаміла 14 сакавіка Украінская рэдакцыя парталу Vatican News, перэгрынацыя адбываецца па просьбе грэка-каталіцкага Мітрапаліта Львоўскага арцыбіскупа Ігара Возняка. Фігура Маці Божай прыбудзе з Партугаліі ва Украіну ў інтэнцыі спынення вайны, а таксама з пасланнем міру і Божай любові з Фацімскага санктуарыя.
Рэктар санктуарыя ксёндз Карлас Кабэсіньяс падчас святой Імшы ў інтэнцыі спынення вайны ва Украіне адзначыў, што «ў Нябеснай Маці мы знаходзім прытулак і суцяшэння ў цяжкія хвіліны». «Таму просім Найсвяцейшую Багародзіцу аб міры ва Украіне», — заклікаў святар.
Ён падкрэсліў, што малітва за мір — гэта місія санктуарыя ў Фаціме, месцы аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі, і адсюль штодзённа ўзносяцца малітвы аб спыненні вайны ва Украіне і аб навяртанні Расіі.
Вандроўная фігура Маці Божай Фацімскай ужо вырушыла ў польскі Кракаў, адкуль будзе дастаўлена ў Львоў.
На перэгрынацыю аа Украіну скіравалася 13-я копія той фігуры, якая ўшаноўваецца ў капліцы, пабудаванай на месцы аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Яе ў 1920 годзе стварыў скульптар Жазэ Фэрэйра Тэдынь паводле ўказанняў сястры Лусіі — адной з трох дзяцей, якім аб’явілася Багародзіца.
Падчас найбольшых урачыстасцяў у санктуарыі гэтую фігуру вянчае каштоўная залатая карона, усярэдзіну якой устаўлена куля, што прабіла цела Папы Яна Паўла ІІ падчас замаху на яго 13 мая 1981 года. Гэтую кулю святы Папа перадаў у Фацімскі санктуарый на знак падзякі Багародзіцы за ўратаванне яго жыцця.
Вандроўныя фігуры Маці Божай Фацімскай маюць асаблівую гісторыю. У 1945 годзе, неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, пэўны пробашч у заходнім Берліне прапанаваў, каб фігура Маці Божай Фацімскай наведала ўсе еўрапейскія сталіцы і дыяцэзіі Еўропы ажно да мяжы з Расіяй.
Фігура таксама была створана паводле ўказанняў сястры Лусіі і з таго часу пабывала ў 64-х краінах свету, у некаторых па некалькі разоў, несучы пасланне міру і Божай Любові.
Пазней для таго, каб задаволіць шматлікія просьбы з усяго свету, былі створаны і пасвячаны яшчэ некалькі копій першай вандроўнай фігуры. Усяго іх налічваецца трынаццаць. У 2000 годзе было прынята рашэнне пакінуць першую вандроўную фігуру ў Фацімскім санктуарыі, які яна пакідае ў выключных выпадках, напрыклад, на Сусветныя дні моладзі.