Cпаведнікі павінны быць сведкамі міласэрнасці, уважліва слухаць і абуджаць глыбокія пытанні, дапамагаць распазнаваць Божую волю ў жыцці і пакутаваць разам з братамі за грахі.
Пра гэта нагадаў папа Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі фармацыйных курсаў для маладых святароў і дыяканаў, арганізаваных Апостальскай Пэнітэнцыярыяй.
Аўдыенцыя адбылася 9 сакавіка ў Ватыкане.
У прамове Святы Айцец падзяліўся разважаннямі на тэму форуму, прысвечанага адносінам паміж сакрамэнтальнай споведдзю і распазнаннем паклікання ў святле маючага адбыцца ў кастрычніку Сінода Біскупаў.
Папа заўважыў, што спаведнікі не з’яўляюцца ўласнікамі міласэрнасці, а толькі яе прыладамі. «Святар, які спавядае, не з’яўляецца ні крыніцай міласэрнасці, ні ласкі. Канешне, ён з’яўляецца яе прыладай і заўсёды толькі прыладай», — падкрэсліў папа Францішак.
Святы Айцец дадаў, што пакліканне спаведнікоў рэалізуецца, калі падчас споведзі «знікае святар» усё больш, а «Хрыстус, Найвышэйшы і Вечны Святар, праяўляецца» ўсё ясней.
Папа Рымскі адзначыў важнасць здольнасці «слухаць пытанні, перш чым даваць адказы».
Спаведнік пакліканы быць чалавекам, які слухае: як пэнітэнта, так і Святога Духа. «Па-сапраўднаму слухаючы брата падчас сакрамэнтальнай размовы, мы слухаем самога Езуса, беднага і пакорнага; слухаючы Святога Духа, мы прымаем паставу ўважлівай паслухмянасці, становімся слухачамі Слова і такім чынам аказваем найвялікшую паслугу нашым маладым пэнітэнтам — уводзім іх у кантакт з самім Езусам», — сказаў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што спаведнік можа таксама станавіцца духоўным кіраўніком для моладзі, калі яна гэтага пажадае, але ніколі не навязваючы сябе.
У гэтым кантэксце вельмі важна дапамагаць юнакам і дзяўчатам у распазнанні паклікання — чытанні знакаў, якія Бог ставіць у жыцці моладзі, праз яе якасці і асабістыя схільнасці, праз сустрэчы і малітву — працяглую малітву, у якой з прастатой паўтараюцца словы Самуэля: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой».
Паводле Папы, размова падчас сакрамэнтальнай споведзі можа стаць прывілеяванай нагодай для сустрэчы, каб пэнітэнт і спаведнік імкнуліся разам распазнаць Божую волю, незалежна ад формы паклікання.
«Сапраўды, пакліканне не адпавядае, ніколі не можа адпавядаць пэўнай форме! Гэта было б фармалізмам! Пакліканне — гэта адносіны з самім Езусам, адносіны жыватворчыя і неад’емныя», — сказаў Папа.
Папа Францішак нагадаў, што спаведніка можна назваць «урачом і суддзёй», «пастырам і бацькам», «настаўнікам і выхавацелем». Але перш за ўсё ён пакліканы быць сведкам.
«Сведкам у сэнсе „мучанікам“, пакліканым пакутаваць за грахі разам з братамі, як Пан Езус; і затым сведкам міласэрнасці, гэтага сэрца Евангелля, якім з’яўляюцца айцоўскія абдымкі марнатраўнага сына, што вярнуўся дамоў. Спаведнік-сведка робіць больш плённым досвед міласэрнасці, расчыняючы перад вернікамі новы і вялікі гарызонт, які толькі Бог можа даць чалавеку», — адзначыў на заканчэнне сваёй прамовы Папа.