Тоеснасць, фармацыя і місія — тры фундаментальныя аспекты, якія закрануў кардынал Бэн’яміно Стэлла, Прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, падчас сустрэчы са сталымі дыяканамі італьянскага рэгіёна Кампанія.
Сустрэча прайшла 3 сакавіка ў Пампеях.
Ватыканскі іерарх адзначыў, што яснае азначэнне тоеснасці сталага дыяканату вельмі неабходнае, каб пазбегнуць рызыкі ўспрымання сталых дыяканаў як «напалову святароў» ці «напалову свецкіх», аб чым папярэджваў папа Францішак, або як «няспоўненых святароў» ці «прасунутых свецкіх вернікаў».
У інтэрв’ю ватыканскай газеце L’Osservatore Romano кардынал Стэлла адзначыў, што сталыя дыяканы маюць асаблівае служэнне Евангеллю і Божаму Валадарству, якое ў пэўных «касцёльных і жыццёвых сітуацыях і абставінах» можа быць больш плённым, чым нават служэнне святара, які мае больш шырокія пастырскія заданні.
Кажучы пра пытанні фармацыі, кардынал заўважыў, што яна павінна спрыяць выхаванню ў сталых дыяканаў такіх цнотаў, якія неабходныя і святарам: псіхічнай ураўнаважанасці, належнай тэалагічнай і дактрынальнай дасведчанасці, ведання касцёльнага вучэння, малітоўнага жыцця, душпастырскіх здольнасцяў, неабходных для прапаведвання Евангелля.
Іерарх заўважыў, што не існуе спецыяльных «семінарый» для сталых дыяканаў, таму кожнай дыяцэзіі рэкамендавана распрацаваць фармацыйны шлях для людзей, якія маюць такое пакліканне.
Падрыхтоўка сталых дыяканаў не павінна быць павярхоўнай і паспешлівай. Яна павінна даваць больш глыбокія і спецыфічныя кампетэнцыі ў параўнанні з падрыхтоўкай свецкіх душпастырскіх супрацоўнікаў.
Паводле кардынала Стэллы, служэнне сталых дыяканаў неабходна ў дабрачыннай сферы, «першай» евангелізацыі, катэхізацыйнай падрыхтоўцы да хросту. Яно павінна адпавядаць закліку папы Францішка да будавання Касцёла, які выходзіць насустрач людзям і мае місійную накіраванасць.