Пошук

06.03.2018 13:26   Паводле: Серджо Чэнтафанці – Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН у Жэневе арцыбіскуп Іван Юркавіч, які з ліпеня 2001 па красавік 2004 г. быў Апостальскім Нунцыем у Беларусі, падчас 37-й сесіі Рады ААН па правах чалавека, што на пачатку сакавіка праходзіла ў Жэневе, рашуча выказаўся адносна парушэння рэлігійнай свабоды ў сучасным свеце.

Прадстаўнік Ватыкана звярнуў увагу на тое, што фундаменталізм і секулярызм абмяжоўваюць свабоду рэлігіі. Пад пагрозай таксама выхаванне моладзі, свабода сумлення і культурная тоеснасць народаў.

Маргіналізацыя і пераслед рэлігіі ў свеце

Як зазначыў арцыбіскуп Юркавіч у сваім выступленні, многія дзяржавы зусім не лічацца з рэлігійнай свабодай, таму шмат дзе назіраецца маргіналізацыя, а часам і адкрыты пераслед рэлігійных меншасцяў. Іерарх нагадаў, што ў сучасным свеце існуюць законы і праводзіцца палітыка, якія дыскрымінуюць правы рэлігійных меншасцяў і абмяжоўваюць свабоду веравызнання, маючы на ўвазе так званыя «законы супраць блюзнерства» і забарону на змену веравызнання. Шэраг краінаў не абараняюць сваіх грамадзянаў, якія прыналежаць да рэлігійных меншасцяў, калі тыя становяцца ахвярамі насілля, а таксама не забяспечвюць ім роўных з іншымі правоў.

Пагроза для выхавання моладзі і свабоды сумлення

З другога боку, у краінах, дзе пануе радыкальная секулярная ідэалогія, якая адмаўляе сваім грамадзянам у праве мець рэлігійныя пачуцці, існуюць найбольш прыхаваныя і вытанчаныя формы прадузятасці і супраціву ў адносінах да вернікаў і рэлігійных сімвалаў, асабліва ў выхаванні моладзі і ў забеспячэнні свабоды сумлення (напр., права веруючых медыкаў не рабіць аборты або альтэрнатыўная вайсковая служба).

Грамадства, адкрытае для трансцэндэнтнага вымярэння

Прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што павага да свабоды рэлігіі і веравызнання не аслабляе, а ўмацоўвае грамадства.

Павага да найбольш глыбокіх пачуццяў грамадзянаў — гэта падмурак, на якім становіцца магчымым будаваць сапраўдную культуру правоў чалавека.

Кожнае грамадства як выраз асобы і сукупнасці яе складаных частак павінна жыць і развівацца такім чынам, каб быць адкрытым для трансцэндэнтнага вымярэння. Менавіта з гэтай прычыны законы і грамадскія інстытуты не могуць не ўлічваць рэлігійных патрэбаў грамадзянаў.

Міжнародныя арганізацыі і ідэалагічны каланіялізм

Прадстаўнік Ватыкана звярнуў увагу і на тое, што такі аднабокі падыход часам прысутнічае і ў працы міжнародных арганізацый. Часам яны прапагандуюць і нават насаджваюць супярэчлівыя ідэалогіі і паняцці, якія не адпавядаюць міжнародным механізмам і пачуццям большай часткі чалавецтва. Разам з папам Францішкам ягоны прадстаўнік пры ААН адзначае, што пад шыльдай «абароны правоў чалавека» гэта нясе з сабой пагрозу сучаснай формы ідэалагічнага каланіялізму найбольш моцных і багатых на шкоду самым бедным і безабаронным.

Выраз «свабода АД рэлігіі» не мае права на існаванне

Такі падыход, які праяўляецца зусім нярэдка, толькі аслабляе самі гэтыя арганізацыі і не ўлічвае шматбаковасць сістэмы правоў чалавека, якая ўжо часта крытыкуецца. У прыватнасці, іерарх выказаў сур’ёзную заклапочанасць прадстаўніцтва Святога Пасаду тым, што Спецыяльны дакладчык ААН ужыў выраз «свабода АД рэлігіі», бо нічога падобнага не прадугледжана міжнароднымі механізмамі і не ўваходзіць у кампетэнцыю Спецыяльнага дакладчыка, які такім чынам дае патэрналісцкую ацэнку рэлігіі.

Мір немагчымы без павагі да рэлігійнай свабоды

Зноў спасылаючыся на Святога Айца, арцыбіскуп Юркавіч рашуча заяўляе, што рэлігійнае вымярэнне — гэта не праява субкультуры, а частка культуры кожнага народа і кожнай нацыі. Недаацэньваць важнасць рэлігіі, адмаўляць або дэспатычна абмяжоўваць рэлігійную свабоду — гэта азначае аднабока ставіцца да чалавечай асобы, а таксама рабіць немагчымым сапраўдны і трывалы мір ва ўсёй чалавечай сям’і.

Фундаменталізм і секулярызм супярэчаць прынцыпу свецкасці

У сваім выступленні пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН падкрэсліў неабходнасць паважаць культурную тоеснасць народаў, якая неаддзельна з’яднана са свабодай думкі, сумлення і рэлігіі.

«Таксама і рэлігія з’яўляецца асноватворным элементам культуры. Сапраўды, адрозненне паміж дзяржавай і рэлігіяй мае першачарговую важнасць. Каб знайсці належную раўнавагу ў адносінах паміж рэлігіяй і дзяржавай, неабходна абараніць дзяржаву і яе насельніцтва ад рэлігійнага фундаменталізму, а таксама ад маргіналізацыі рэлігіі ў выніку секулярысцкага падыходу».

Як казаў яшчэ папа Бэнэдыкт XVI, рэлігійны фундаменталізм і секулярызм — гэта крайнія формы адмаўлення законнага плюралізму і прынцыпу свецкасці.

Абноўлена 07.03.2018 00:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.