Пошук

01.03.2018 18:35   Паводле: Серджо Чэнтафані – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

1 сакавіка 2018 г. быў абнародаваны ліст Кангрэгацыі Веравучэння Placuit Deo («Спадабалася Богу»), адрасаваны ўсім біскупам Каталіцкага Касцёла, адносна некаторых аспектаў хрысціянскага збаўлення. У дакуменце крытыкуюцца дзве сучасныя памылковыя тэндэнцыі: неапелагіянскі індывідуалізм і неагнастычны спірытуалізм.

Дзве тэндэнцыі сучаснага свету

Дакумент паглыбляе вучэнне пра збаўленне ў Хрысце ў час культурных пераменаў, якія перашкаджаюць сучаснаму чалавеку належным чынам успрымаць хрысціянскае пасланне, што «абвяшчае Хрыста — адзінага Збаўцу ўсяго чалавека і ўсяго чалавецтва». У прыватнасці, звяртаецца ўвага на дзве тэндэнцыі сучаснага свету.

Першая з іх — гэта «індывідуалізм, засяроджаны на аўтаномным суб’екце», чыя самарэалізацыя «залежыць толькі ад яго ўласных сілаў». Такі падыход бачыць у Хрысце «ўзор, які натхняе на велікадушныя справы», а не «Таго, хто перамяняе стан чалавека, уцелаўляючы нас у новае існаванне, паяднанае з Айцом і паміж сабою праз пасрэдніцтва Духа».

Другая тэндэнцыя гаворыць пра «выключна ўнутранае збаўленне», якое «можа выклікаць цвёрдае асабістае перакананне, або моцнае пачуццё з’яднанасці з Богам, але без прымання, аздараўлення і аднаўлення нашых адносінаў з іншымі людзьмі і са створаным светам». Гэта перспектыва, якая не бярэ пад увагу сэнс Уцелаўлення Слова.

Пелагіянства і гнастыцызм

Як падкрэсліваецца ў лісце, папа Францішак часта згадвае гэтыя дзве тэндэнцыі: гаворка ідзе пра «два скажэнні», якія «шмат у чым падобныя да дзвюх ерасяў старажытнасці: пелагіянства і гнастыцызму».

Ёсць «старажытныя памылкі», якія па-ранейшаму «ўяўляюць сабой непазбыўныя небяспекі няправільнага разумення веры», нават у розных гістарычных кантэкстах. Вось у чым заключаліся гэтыя памылковыя погляды.

«Паводле пелагіянскай ерасі, якая развілася ў V стагоддзі ў асяроддзі Пелагія, чалавеку для выканання Божых запаведзяў, каб быць збаўленым, патрэбная ласка толькі як знешняя дапамога ягонай свабодзе», а «не як аздараўленне і радыкальнае адраджэнне свабоды, без папярэдніх заслугаў, каб ён мог рабіць дабро і дасягнуць вечнага жыцця».

Гнастычныя погляды, якія ўзніклі ў І і ІІ стагоддзях, існуюць у формах, якія адрозніваюцца паміж сабой. Усіх гностыкаў аб’ядноўвае перакананне ў тым, што збаўленне дасягаецца з дапамогаю таямнічых эзатэрычных ведаў — гнозы. Таямнічае пазнанне аб’яўляе гностыку сваю сапраўдную сутнасць, гэта значыць святло Божага Духа, які жыве ў яго нутры, якое павінна вызваліцца ад цела, як быццам чужога яго сапраўднай чалавечнасці. Толькі такім чынам гностык вяртаецца да свайго першапачатковага быцця ў Богу, ад якога аддаліўся ў выніку першаснага падзення.

Неапелагіянства паводле папы Францішка

У лісце прыводзіцца спасылка на прамову Святога Айца ў Фларэнцыі да ўдзельнікаў V нацыянальнага сходу італьянскага Касцёла, які адбыўся 10 лістапада 2015 года. У гэтай прамове Папа паказаў гэтыя тэндэнцыі як спакусы, якія існуюць унутры Касцёла.

Пелагіянская спакуса «вядзе нас да сляпой веры ў структуры, арганізацыі, планаванне — усё такое перфекцыянісцкае, але абстрактнае. Часта яна вядзе нас да звычкі кантралявання, строгасці, непахіснага захавання нормаў. Норма дае пелагіяніну ўпэўненае адчуванне сваёй вышэйшасці, ведання дакладнага кірунку. У гэтым ён чэрпае сваю моц, а не ў лагодным павеве Духа.

Бачачы зло і праблемы, якія існуюць у Касцёле, не мае сэнсу шукаць іх вырашэння ў кансерватызме і фундаменталізме, у аднаўленні адмерлых паводзінаў і формаў, якія нават з культурнага пункту гледжання больш нічога з сябе не ўяўляюць. Хрысціянскае веравучэнне — гэта не закрытая сістэма, няздольная нараджаць пытанні, сумненні, пошукі; яно — жывое, яно можа непакоіць, можа ажыўляць. У яго не закамянелае аблічча, яго цела рухаецца і развіваецца, яно мае мяккія тканкі: хрысціянскае вучэнне мае імя Езус Хрыстус.

Такім чынам, рэформа Касцёла — а Касцёл заўсёды рэфармуецца — не мае нічога супольнага з пелагіянствам. Яна не спыняецца на нейкім дасягнутым узроўні структурных зменаў. Яна азначае ўжыўленне і закараненне ў Хрыста, дазвол весці сябе Духу. Тады ўсё стане магчымым дзякуючы таленту і творчасці».

Неагнастыцызм у выказваннях Святога Айца

Спакуса неагнастыцызму «вядзе да сляпой веры ў лагічнае і відавочнае разважанне, якое, аднак, губляе любоў да цела. Захапленне гнастыцызмам — гэта „вера, замкнёная ў суб’ектывізме, дзе цікавіць толькі пэўны вопыт або сукупнасць разважанняў і ведаў, якія, як здаецца, могуць умацаваць і прасвятліць, але ў якіх суб’ект у рэшце рэшт застаецца закрытым у іманентнасці свайго ўласнага розуму і сваіх пачуццяў“ (пар. Evangelii gaudium, 94)».

Гнастыцызм не можа быць трансцэндэнтным. Адрозненне паміж хрысціянскай трансцэндэнтнасцю і кожнай формай гнастычнага спірытуалізму заключаецца ў таямніцы ўцелаўлення. Не практыкаваць, не ўводзіць Слова ў рэальнасць азначае будаваць на пяску, заставацца ў свеце чыстых ідэяў і вырадзіцца ў замкнутасць, што не дае плёну, што робіць бясплоднай яго рухаючую сілу».

Збаўчае пасрэдніцтва Касцёла

У лісце сцвярджаецца, што «і неапелагіянскі індывідуалізм, і неагнастычная пагарда да цела скажаюць вызнанне веры ў Хрыста — адзінага і ўсеагульнага Збаўцу» і «супярэчаць таксама ўстанаўленню сакрамэнтаў, з дапамогаю якіх Бог пажадаў збавіць чалавечую асобу».

«Месца, дзе мы атрымліваем прынесенае Хрыстом збаўленне, — гэта Касцёл»: разуменне «гэтага збаўчага пасрэдніцтва Касцёла — асноўная дапамога для пераадолення кожнай тэндэнцыі да звужэння».

Збаўленне «не дасягаецца толькі ўласнымі сіламі, як таго хацелася б неапелагіянству, а здзяйсняецца ў адносінах, якія нараджаюцца ад уцелаўлёнага Сына Божага і якія ўтвараюць еднасць Касцёла». Акрамя таго, насуперак неагнастычным уяўленням пра «выключна ўнутранае збаўленне», Касцёл — «гэта бачная супольнасць: у ёй мы дакранаемся да Цела Езуса, асаблівым чынам у найбольш бедных і церпячых братах» з дапамогаю «ўчынкаў міласэрнасці для цела і для душы».

Місія і дыялог

У заключнай частцы ліста мы чытаем: «Усведамленне паўнаты жыцця, у якую Езус Збаўца нас уводзіць, кліча хрысціянаў на місію, каб усім людзям абвяшчаць радасць і святло Евангелля. У гэтым імкненні яны гатовыя таксама распачаць шчыры і канструктыўны дыялог з вернікамі іншых рэлігій, з вераю ў тое, што Бог вядзе да збаўлення ў Хрысце „ўсіх людзей, у чыіх сэрцах нябачна дзейнічае ласка“. Прысвячаючы ўсе свае сілы справе евангелізацыі, Касцёл працягвае заклікаць прыйсце Збаўцы», таму што, як піша святы Павел да Рымлянаў, «мы збаўленыя праз надзею».

Выснова ліста Кангрэгацыі Веравучэння: «Інтэгральнае збаўленне, што азначае збаўленне душы і цела, — гэта канчатковае прызначэнне, да якога Бог заклікае ўсіх людзей».

Абноўлена 01.03.2018 19:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.