Пошук

27.02.2018 12:19   catholicnews.org.ua

24 лютага папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі родзічаў Асіі Бібі, пакістанскай хрысціянкі, якая ўжо дзесяць гадоў знаходзіцца ў турме, асуджаная да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў блюзнерстве.

На сустрэчы прысутнічала таксама нігерыйская дзяўчына, якая на працягу двух гадоў знаходзілася ў палоне экстрэмістаў з Boko Haram.

Святы Айцец назваў іх сапраўднымі «жанчынамі-мучаніцамі».

Муж і малодшая дачка Асіі Бібі наведалі Рым у якасці гасцей італьянскага аддзялення Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», які арганізаваў ініцыятыву «Чырвоны Калізей».

У знак салідарнасці з пераследаваннямі за веру, увечары 24 лютага вядомы на ўвесь свет сімвал Рыма быў падсветлены чырвоным колерам. Адначасова таксама былі падсветленыя і два сімвалы пераследу хрысціянаў: катэдральная святыня св. Паўла ў Масуле на поўначы Ірака і царква св. Іллі ў Алепа ў Сірыі.

«Гэта была незвычайная сустрэча, — сказаў Алессандро Мантэдура, дырэктар італьянскага аддзялення „Дапамогі Касцёлу ў патрэбе“. — Сустрэча працягвалася каля 40 хвілін, а ў яе цэнтры я пабачыў веру і надзвычайную духоўнасць. Не толькі духоўнасць Святога Айца, але і тых дзяўчат, якія пакутуюць, а таксама мужа Асіі Бібі.

Мы маліліся разам са Святым Айцом. Гэта быў цудоўны момант. Ён хацеў, каб мы зрабілі гэта ўсе разам, на сваіх мовах. Таму Ейшам, дачка Асіі Бібі, маліліся на мове урду, а Рэбэка — ахвяра Boko Haram — на сваёй мове гауса, і мы, вядома, на нашай мове. Мы памаліліся „Ойча наш“ і „Вітай, Марыя“. Гэта быў момант, напоўнены вельмі моцнымі пачуццямі».

Алессандро Мантэдура распавёў, што перад паездкай у Італію Айшам наведала маці ў турме і сказала, што едзе ў Рым і ўбачыць Папу Рымскага.

«Калі сустрэнеш Папу, — сказала тая, — пацалуй яго ад мяне». Менавіта з абдымкаў і пацалунка распачалася сустрэча са Святым Айцом, і якраз такі пачатак, паводле слоў Мантэдура, задаў характар усёй падзеі, адзначанай любоўю, сведчаннем веры і салідарнасці, выражанымі ў тых абдымках.

Абноўлена 27.02.2018 12:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця