Пошук


Святы Айцец прымае ўдзел у велікапосных рэкалекцыях, якія праходзяць пад кіраўніцтвам партугальскага душпастыра, тэолага і паэта, кс. Жазэ Таленціна Мэндонсы.

Духоўныя практыкаванні Святога Айца пачаліся 18 лютага 2018 г. у горадзе Арыча, прыкладна за 30 км ад Рыма. 19 лютага ўдзельнікі духоўных практыкаванняў разважалі над апошнімі словамі, прамоўленымі Езусам у Апакаліпсісе св. Яна: «І хто прагне, няхай прыйдзе» (22, 17).

Рэкалекцыяніст заўважыў, што перажываць прагу заўсёды нялёгка. У якасці прыкладу ён узгадаў аднаго з галоўных персанажаў рамана «Смага і голад» Эжэна Іанэска, унутры якога пасялілася «бясконцая пустэча», неспакой, які нішто не магло суцішыць, які рабіў яго «чалавекам без каранёў, без дома, няздольным ствараць сувязі, згубленым у пустаце лабірынту, дзе чутны толькі самотны грукат уласных крокаў».

Паводле кс. Мэндонсы, такая прага робіць чалавека незадаволеным, халодным у адносінах да таго, што па-сапраўднаму важнае, няздольным да праніклівасці, падштурхоўваючы шукаць выйсця ў матэрыяльным спажывецтве, якое сучаснае грамадства імкнецца прадставіць у выглядзе крытэрыя шчасця.

Але чалавек трапляе ў пастку кожны раз, калі думае спатоліць прагу ў набыванні рэчаў. Гэта абясцэньвае прагу і пашырае пустэчу ўнутры нас.

Не існуе лекаў, каб задаволіць нашу прагу. Таму трэба «запаволіць крокі», «усвядоміць нашы патрэбы», сесці за стол веры. Прага адносін, прыняцця, любові прысутнічае ў кожным чалавеку.

Гэта «біяграфічная спадчына», якую мы пакліканы распазнаць і за якую павінны дзякаваць. Гэта не штосьці банальнае, таму яе спаталенне варта даверыць Богу, заклікаў рэкалекцыяніст.

Ксёндз Мэндонса заклікаў удзельнікаў рэкалекцый «адчуць абдымкі Бога», які ведае, кім з’яўляецца кожны, «навучыцца ласцы, якая зробіць магчымым жыццё ўнутры нас». Скажам у нашай душы: «Пане, я тут не чакаю нічога». Гэта значыць: «Чакаю толькі Цябе, толькі таго, што Ты можаш мне даць», — заклікаў партугальскі тэолаг.

Абноўлена 21.02.2018 11:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа