Пошук

19.02.2018 16:38   Catholic.by

Падчас сустрэчы з пробашчамі рымскіх парафій, якая адбылася ў мінулы чацвер, 15 лютага, папа Францішак паведаміў пра тое, што сёлета адзін з яго папярэднікаў на папскім пасадзе благаслаўлёны Павел VI будзе абвешчаны святым.

У гаміліі на ўрачыстай беатыфікацыі Паўла VI, якая адбылася 19 кастрычніка 2014 г., папа Францішак назваў яго «Вялікім Папам» і «нястомным апосталам», мужным у сваім «пакорным і прарочым сведчанні любові да Хрыста і да Яго Касцёла».

Заслугі гэтага Пантыфіка, які кіраваў Касцёлам на працягу 15 гадоў (з 1963 па 1978), складана пераацаніць. Менавіта ён правёў практычна ўсе сесіі Другога Ватыканскага Сабору, на якім былі прынятыя лёсавызначальныя для Касцёла і свету пастановы, разам з Канстанцінопальскім Патрыярхам Афінагорам І назаўсёды перагарнуў самую змрочную старонку ва ўзаемаадносінах хрысціянаў Захаду і Усходу, а таксама ўсім сваім жыццём і місіяй сведчыў пра любоў Хрыста, у адпаведнасці са сваім папскім дэвізам робячы ўсё In nomine Domini — у імя Пана.

Падчас сустрэчы з рымскім духавенствам у галоўным касцёле Вечнага горада, папскай базыліцы св. Яна на Латэране, папа Францішак, між іншым, сказаў:

«У часы станаўлення секулярызаванага і варожага грамадства ён з дальнабачнай мудрасцю, умела — і часам у адзіноце — кіраваў стырном Пятровага чаўна, ніколі не губляючы радасці і даверу да Пана. Павел VI сапраўды ўмеў аддаваць Богу Божае, усё сваё жыццё прысвяціўшы святому, узнёсламу і складанейшаму служэнню: у часе і на зямлі працягваць місію Хрыста».

Абноўлена 19.02.2018 17:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.