Пошук

16.02.2018 21:49   Паводле: Дэбара Даніні – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Папа Францішак у рымскай базыліцы св. Сабіны ў Папяльцовую сераду
Папа Францішак у рымскай базыліцы св. Сабіны ў Папяльцовую сераду

У першую пятніцу Вялікага посту папа Францішак раніцай цэлебраваў святую Імшу ў доме св. Марты, падчас якой у гаміліі звярнуў увагу на небяспеку «рабіць выгляд» посту, пагарджаючы іншымі.

На падставе першага чытання з Кнігі прарока Ісаі (гл. Іс 58, 1–9a) Святы Айцец падкрэсліў, што сапраўдны пост заўсёды мае на мэце дапамогу іншым.

Не ўдаваць цнотаў

Пост — гэта адно з заданняў падчас Вялікага посту.

«Калі не можаш пасціцца напоўніцу, каб адчуць голад, што прабірае ажно да касцей, тады пасціся пакорна, але па-сапраўднаму».

Прарок Ісая выкрывае такую няшчырасць у практыкаванні цнотаў: займацца сваімі справамі, дабрабытам, калі пост толькі ў тым, каб «трошкі скінуць лішняга»; прыгнятаць работнікаў, дзякуючы пры гэтым Пану за магчымасць пасціцца. Бедныя, як падкрэсліў Святы Айцец, павінны пасціцца, бо не маюць чаго есці, а хтосьці імі пагарджае. Неабходна здзяйсняць пакаянне ў супакоі: немагчыма, з аднаго боку, размаўляць з Богам, а з другога — з д’яблам, бо гэта — няшчырасць.

«„Не пасціце так, як сёння, каб быў чутны ваш голас на вышынях“. Гэта значыць: „Мы посцім, мы католікі, практыкуючыя; я належу да гэтай супольнасці, мы заўсёды посцім, здзяйсняем пакаянне“. Але вы пасціцеся шчыра ці здзяйсняеце пакаянне няшчыра, як кажа Пан, гучна, каб усе бачылі і казалі: „Ах, які пабожны чалавек, які пабожны мужчына, якая пабожная жанчына…“ Гэта ўдаванне; гэта значыць рабіць выгляд цноты».Усмешка і кайданы няправеднасці

Трэба рабіць выгляд, але ўсур’ёз, з усмешкай, каб не выстаўляць свайго пакаяння напаказ. Пасціся, каб дапамагчы іншым, але заўсёды з усмешкай. Пост заключаецца таксама ў тым, каб стаць пакорным, а гэтага можна дасягнуць, разважаючы пра свае грахі і просячы ў Пана прабачэння. «„Вось калі б гэты грэх, які я ўчыніў, стаў вядомым, трапіў у газеты: які быў бы сорам!“ — Так, саромейся!» — кажа Папа, заклікаючы разарваць кайданы няправеднасці.

«Я думаю пра шматлікіх служанак, якія зарабляюць на хлеб сваёй працай: прыніжаных, пагарджаных… Я так і не змог забыцца, як аднойчы ў маленстве прыйшоў у дом да сябра. Я бачыў, як яго маці дала поўху служанцы. Мне 81 год… Я гэтага не забыўся. „Не, ойча, я ніколі не б’юся“. — Але як ты да іх ставішся? Як да людзей ці як да нявольнікаў? Ці справядліва ім плаціш, ці даеш адпачынак; асоба ці жывёла дапамагае табе па доме? Падумайце толькі пра гэта. У нашых дамах, у нашых установах ёсць такія людзі. Як я паводжу сябе з прыслугаю ў доме?»

Шчыры пост: як я стаўлюся да іншых?

Папа Францішак прывёў яшчэ адзін прыклад са свайго жыцця. Размаўляючы з адным вельмі адукаваным чалавекам, які эксплуатаваў прыслугу, Папа даў яму зразумець, што гэта — цяжкі грэх, таму што яны таксама, як і мы, з’яўляюцца вобразам Божым, а ён іх лічыў «ніжэйшымі істотамі». Пост, якога жадае Пан, — гэта таксама «дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца», — як кажа прарок Ісая.

Пантыфік заўважыў, што сёння акурат ідуць спрэчкі пра тое, ці пускаць у дом бедных вандроўнікаў, якія туды просяцца, маючы на ўвазе крызіс мігрантаў. На завяршэнне ён заклікаў падчас Вялікага посту здзяйсняць пакаянне так, каб крыху адчуць голад, больш маліцца і задаць сабе пытанне, як мы паводзім сябе з іншымі людзьмі.

«Ці мой пост становіцца для іншых дапамогай? Калі не становіцца — канец; значыць, ён няшчыры і вядзе цябе на шлях падвойнага жыцця. Я раблю выгляд, што я — хрысціянін, пабожны чалавек… як фарысеі, садукеі. Але ўсярэдзіне я не такі. Пакорна прасі ласкі шчырасці. Шчырасць. Калі я не магу чагосьці зрабіць, не буду брацца. Але не будзь няшчырым. Буду рабіць толькі тое, што мне па сілах, але з хрысціянскай шчырасцю. Няхай Пан адорыць нас гэтаю ласкаю».

Абноўлена 18.02.2018 00:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа