Пошук

12.02.2018 18:37   Паводле: Джада Аквіліна – Vatican News / Фота: Peter Mantello / Catholic.by

12 лютага ў сваім твітары папа Францішак падзяліўся болем, які выклікае ў яго трагедыя каля 250 тысяч дзяцей-жаўнераў.

«Я адчуваю моцны боль ад таго, што так шмат дзяцей вырваныя з сем’яў і выкарыстоўваюцца ў якасці жаўнераў. Гэта — трагедыя!»

Такія словы напісаў у сваім твітар-акаўнце @Pontifex Святы Айцец з нагоды Міжнароднага дня супраць выкарыстання дзяцей як жаўнераў, які па ініцыятыве ААН з 2002 г. штогод адзначаецца 12 лютага. Ужо не ўпершыню Пантыфік узнімае голас, каб пакласці канец гэтай жахлівай практыцы, якая сёння па даных ААН закранае 250 тыс. дзяцей, уцягнутых ва ўзброеные канфлікты па ўсім свеце.

Па даных італьянскай арганізацыі Terre des Hommes («Планета людзей»), якая ўваходзіць у склад міжнароднага аб’яднання Stop Child Soldiers («Стоп дзеці-жаўнеры»), у апошнія гады з памнажэннем войнаў, канфліктаў і тэрарыстычных актаў колькасць дзяцей-жаўнераў ва ўзросце адзінаццаці–трынаццаці гадоў няўхільна павялічваецца. Перадусім гэтая з’ява распаўсюджана ў шэрагу рэгіёнаў Афрыкі, у Лацінскай Амерыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі.

ААН сведчыць, што дзеці выкарыстоўваюцца ў якасці баевікоў, сувязных, шпіёнаў, збраяносцаў, кухараў, а дзяўчаты таксама прымушаюцца да аказання сексуальных паслугаў, што радыкальна парушае правы ўсіх гэтых дзяцей і пазбаўляе іх дзяцінства. Такім чынам зварот папы Францішка, скіраваны як да веруючых, так і да няверуючых, мае на мэце пакласці канец гэтаму жахліваму выкарыстанню дзяцей і дапамагчы тым з іх, якія былі ўцягнуты ў ваенныя дзеянні, прайсці працяглы курс рэабілітацыі, каб адшукаць сваё месца ў мірным жыцці ў грамадстве.

Абноўлена 13.02.2018 11:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа