Падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі па серадах, якая 7 лютага адбылася ў зале Паўла VI, Святы Айцец, працягваючы цыкл катэхезаў на тэму святой Імшы, выказаўся на тэму чытання Евангелля і гаміліі, або, як яе яшчэ часам называюць, казання.
Евангелле — гэта словы Хрыста
Знак крыжа на чале, на вуснах і на грудзях, таксама як свечкі і кадзіла, якія выкарыстоўваюцца падчас чытання Евангелля, служаць ушанаванню прысутнасці Хрыста, які сам абвяшчае Добрую Навіну, навяртае і перамяняе.
Такім чынам, адбываецца непасрэдная размова, а таму прысутныя павінны быць уважлівымі і засяроджанымі, не столькі для таго, каб «быць у курсе падзеяў», але «каб усвядоміць, што тое, што Езус калісьці зрабіў і сказаў», таксама і сёння пульсуе жыццём. Таму так важна успрымаць Евангелле адкрытым сэрцам, паколькі гэтае Слова чакае канкрэтнага адказу ў жыцці кожнага чалавека.
Гамілія — гэта не прамова «з нагоды» і не даклад
«Каб данесці сваё пасланне, Хрыстус карыстаецца таксама словамі святара, які пасля Евангелля прамаўляе гамілію», — падкрэсліў Папа.
Вось чаму гэты святарскі абавязак павінен быць сапраўдным служэннем усім, хто ўдзельнічае ў Імшы. Да яго выканання трэба належным чынам падрыхтавацца: гамілія не можа быць «прамоваю з нейкай нагоды, катэхезаю, дакладам або лекцыяй». Гамілія — гэта «працяг дыялогу, які ўжо распачаўся паміж Панам і Яго народам» дзеля таго, каб ён «здзейсніўся ў жыцці».
Не больш за 10 хвілін
Папа Францішак дакладна вызначыў час, які павінна працягвацца гамілія — не больш за дзесяць хвілін, таму што ў іншым выпадку «хтосьці засынае, а хтосьці пачынае размаўляць або выходзіць з касцёла пакурыць».
Такім чынам, гамілія павінна быць кароткай і добра падрыхтаванай, адшліфаванай «з дапамогай малітвы і вывучэння Божага слова».
Падчас Літургіі слова ў Евангеллі і гаміліі «Бог вядзе дыялог са сваім народам, які слухае Яго з увагай і пашанай і ў той жа час прызнае Яго прысутнасць і дзеянне».
Толькі слуханне Добрай Навіны можа навяртаць і перамяняць, здзяйсняючы рэальныя змены ў людзях і ў свеце.