Працягваецца візіт ad limina Apostolorum біскупаў з Беларусі. 5 лютага яны наведалі Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, пасля чаго цэлебравалі святую Імшу ў галоўнай святыні Рыма — Латэранскай базыліцы св. Яна. Завяршыўся дзень важнай сустрэчай у Дзяржаўным Сакратарыяце — міністэрстве замежных спраў Святога Пасаду.
Прэфектам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, якую біскупы з Беларусі наведалі 5 лютага ў першай палове дня, з’яўляецца кардынал Рабэр Сара. У 2011 г. кардынал наведваў Віцебск і Мінск, дзе ўзначальваў урачыстасці з нагоды 20-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
У Кангрэгацыі сітуацыю ў сферы літургіі ў Касцёле ў Беларусі прадставіў Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Старшыня беларускага епіскапату праінфармаваў кіраўніцтва Кангрэгацыі аб тым, што ў савецкія часы падчас ганенняў не была выдадзена ніводная літургічная кніга.
Таксама арцыбіскуп падрабязна спыніўся на працэсе літургічнага аднаўлення, якое прадпісаў Другі Ватыканскі Сабор, і канкрэтна на падрыхтоўцы літургічных кніг на беларускай мове. Пры гэтым старшыня ККББ падкрэсліў, што працэс перакладу літургічных тэкстаў з-за адсутнасці адпаведна апрацаванай і традыцыйнай тэрміналогіі з’яўляецца вельмі складаным. Па сваёй сутнасці ён з’яўляецца творчым, бо неабходна прыдумваць неалагізмы. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, тым не менш, як дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч, усе літургічныя кнігі перакладзены на беларускую мову і выдадзены.
Іерарх падрабязна распавёў аб падрыхтоўцы да першай Камуніі, сакрамэнтах канфірмацыі і сужэнства, практыцы сакрамэнту паяднання, эўхарыстычных працэсіях, народных набажэнствах і захаванні літургічных нормаў у дзейнасці Касцёла ў Беларусі.
Кіраўніцтва Кангрэгацыі з прызнаннем да высілкаў Касцёла прыняло прадстаўленую інфармацыю. Разам з тым кардынал Сара звярнуў увагу на неабходнасць паглыбляць у Божым народзе свядомы падыход да літургіі і захоўваць народную пабожнасць, дзякуючы якой народ захаваў веру ў часы ганенняў, а таксама імкнуцца выкарыстоўваць літургію для ўзрастання веры. Па словах прэфекта кангрэгацыі, неабходна звярнуць увагу на захаванне належнай пашаны да сакрамэнтаў, бо ў сучасным свеце існуе пагроза іх дэсакралізацыі, асабліва Эўхарыстыі.
Кардынал звярнуў увагу і на неабходнасць прытрымлівацца існуючых у Касцёле правіл пры перакладзе на нацыянальную мову. Так, напрыклад, у пэўных словах нельга змяняць род. Калі на арыгінальнай мове выкарыстоўваецца канкрэтны род, то пры перакладзе яго неабходна захаваць. Гэтая заўвага прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў мае непасрэднае значэнне для Беларусі, калі нярэдка вядуцца дыскусіі менавіта па гэтай справе.
Акрамя таго, беларускія біскупы абмеркавалі з кіраўніцтвам Кангрэгацыі некаторыя практычныя аспекты літургіі. Яны будуць аб’яўлены святарам падчас пастырскіх сустрэч.
У другой палове дня біскупы наведалі базыліку св. Яна на Латэране, дзе цэлебравалі святую Імшу, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі біскуп засяродзіў увагу на асобе св. Агаты, якую Касцёл успамінае 5 лютага. Іерарх падкрэсліў яе моцную веру і любоў да Хрыста, якія дапамаглі ёй атрымаць духоўную перамогу ў жудасных цярпеннях.
Біскуп Дзям’янка таксама нагадаў аб значэнні базылікі св. Яна на Латэране як катэдры Папы Рымскага. Гэтая велічная святыня, збудаваная ў гонар св. Яна Хрысціцеля, адыграла вялікую ролю ў станаўленні і развіцці хрысціянства і працягвае яе адыгрываць. Аб гэтым сведчыць той факт, што біскупы, якія наведваюць Рым з візітам Ad limina, абавязкова цэлебруюць у ёй Імшу.
З базылікі св. Яна на Латэране беларускія біскупы накіраваліся ў Дзяржаўны Сакратарыят Ватыкана, дзе сустрэліся з кіраўніком Другой яго секцыі, які фактычна выконвае абавязкі міністра замежных спраў, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч праінфармаваў яго пра касцёльна-дзяржаўныя адносіны ў Беларусі, якія з’яўляюцца далёка не бясхмарнымі. Гэта найперш адносіцца да негатыўнага погляду дзяржавы на служэнне ў Беларусі духоўных асобаў з-за мяжы, у якіх Касцёл яшчэ мае вялікую патрэбу. Нявырашанай да сёння, як адзначыў іерарх, з’яўляецца і пытанне падрыхтоўкі і падпісання пагаднення (канкардату) паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам. Біскупы таксама выказалі сваё меркаванне на тэму далейшага развіцця структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі з мэтай удасканалення душпастырства.
Арцыбіскуп Галахер з разуменнем паставіўся да прадстаўленых праблем, з якімі сустракаецца Касцёл у Беларусі, асабліва праблем атрымання дазволу замежнымі святарамі для служэння ў нашай краіне і цэлебрацыі святой Імшы святарам-турыстам, якія без дазволу ўлады не могуць гэтага рабіць. Ён паабяцаў прыкласці максімум намаганняў з мэтай іх станоўчага вырашэння.
Да здзіўлення беларускіх іерархаў, арцыбіскуп Галахер вельмі добра арыентаваўся ў касцёльна-дзяржаўных адносінах, якія існуюць у Беларусі, і нават па імені называў адказных за іх.
Арцыбіскуп узгадаў і пра магчымасць візіту Папы ў Беларусь у недалёкай будучыні (пасля 2018 г.), што вельмі парадавала біскупаў і дало новую надзею на тое, што гэта сапраўды здзейсніцца.