Пошук

01.02.2018 15:36   Паводле: Рабэрта Джызоцці – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

«Смерць — гэта факт, смерць — гэта спадчына і смерць — гэта памяць», — падкрэсліў сёння папа Францішак у гаміліі падчас ранішняй святой Імшы ў Доме св. Марты.

«Мы — не вечныя і не эфемерныя: мы — мужчыны і жанчыны на шляху ў часе; у часе, які пачынаецца і завяршаецца».

Разважаючы над чытаннем з Першай кнігі Валадарстваў, у якім апавядаецца пра смерць Давіда, Папа заклікаў усіх «маліцца і прасіць аб ласцы адчування часу», каб не быць у палоне цяперашняга моманту, «закрытым толькі ў сабе».

«Смерць — гэта факт, які закранае ўсіх, — нагадаў Святы Айцец. — Раней ці пазней ён надыходзіць».

Аднак існуе спакуса моманту адчування сябе гаспадаром жыцця, якая ўцягвае цябе ў кружлянне па гэтым эгаістычным лабірынце моманту без будучыні, бясконца туды-сюды, туды-сюды, ці не так? І шлях заканчваецца смерцю, мы ўсе гэта ведаем. Таму Касцёл заўжды імкнуўся заахвоціць да разважанняў пра наш канец: пра смерць.

«Я — не гаспадар жыцця». Паўтарэнне гэтых слоў нам дапамагае, таму што вызваляе ад ілюзіі моманту, ад успрымання жыцця як ланцуга, складзенага са звёнаў-момантаў, што не мае сэнсу. Я знаходжуся ў дарозе і павінен глядзець наперад і пры гэтым успрымаць смерць як спадчыну: не як матэрыяльную спадчыну, а як сведчанне.

Трэба пытацца ў сябе, якая застанецца спадчына, калі Бог сёння мяне пакліча. Якую спадчыну я пакіну як сведчанне жыцця? Гэта вельмі добрае пытанне, якое варта сабе задаць. І такім чынам рыхтавацца, таму што ніхто з нас не застанецца як «рэліквія». Не, усе мы пойдзем гэтым шляхам.

Нарэшце, смерць — гэта памяць, гэта апераджальная памяць, каб паразважаць:

Калі я памру, што б мне было прыемна зрабіць сёння, якое рашэнне прыняць сёння, у сённяшнім ладзе жыцця? Гэта — апераджальная памяць, якая асвятляе сённяшні момант. Фактам смерці яна асвятляе рашэнні, якія я павінен прымаць кожны дзень.

На заканчэнне гаміліі папа Францішак падкрэсліў, што для ўсіх нас будзе добра адчуваць сябе ў дарозе да смерці.

Абноўлена 01.02.2018 16:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа