Пошук

29.01.2018 18:34   Паводле: Адрыяна Мазоцці – Vatican News / Фота: AFP or licensors / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

Папа Францішак у нядзелю сустрэўся з украінскай грэка-каталіцкай супольнасцю. Святы Айцец падзякаваў яе вернікам за непахісную вернасць наступніку апостала Пятра, а таксама шматлікім украінскім жанчынам, якія дапамагаюць пажылым людзям, апякуючыся імі да канца. Адносна канфлікту ў краіне Папа запэўніў, што ён моліцца аб тым, каб ва ўсёй Украіне запанаваў мір.

«Я тут для таго, каб сказаць вам, што я блізкі да вас: блізкі сэрцам, блізкі ў малітве, блізкі, калі цэлебрую Эўхарыстыю. Тут я прашу Князя Супакою, каб замоўкла зброя. Я прашу Яго таксама аб тым, каб вам больш не трэба было ісці на вялікія ахвяры для ўтрымання вашых блізкіх».

З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да прадстаўнікоў украінскай грэка-каталіцкай супольнасці, сярод якіх было найбольш жанчын і дзяцей, якія разам са сваімі святарамі і біскупамі сабраліся ў рымскім касцёле святой Сафіі, каб сустрэцца са Святым Айцом і паслухаць яго.

Канфлікт ва Украіне і вера, перададзеная жанчынамі

У словах прывітання, з якімі напачатку да Папы звярнуўся Вярхоўны арцыбіскуп УГКЦ Святаслаў Шаўчук, канфлікт ва Украіне быў прадстаўлены ва ўсім яго драматызме: тысячы забітых і параненых, мільёны людзей, вымушаных пакінуць свае дамы і жыць у беднасці. Таксама арцыбіскуп Шаўчук узгадаў шматлікіх украінскіх жанчын, якія ў Рыме і па ўсёй Італіі «працуюць у італьянскіх сем’ях, даглядаючы хворых або пажылых людзей», або знаходзяцца тут для лячэння сваіх хворых дзяцей. Святы Айцец прывітаў многіх такіх жанчын, пакуль ішоў ад уваходу ў базыліку да алтара, а таксама гладзіў і цалаваў іх дзяцей у вазках.

Для гэтых жанчын у яго знайшліся словы асаблівай цеплыні і пашаны, якія не былі падрыхтаваныя загадзя:

«Вярхоўны арцыбіскуп казаў пра украінскіх матуляў і бабуляў, якія перадаюць веру, перадалі веру, з мужнасцю; якія хрысцілі дзяцей <…>. Таксама і сёння тое дабро — я кажу гэта, таму што ведаю, — тое дабро, якое гэтыя жанчыны робяць тут, у Рыме, у Італіі, даглядаючы дзяцей, як нянечкі, перадаюць веру сем’ям, некаторыя з якіх часта бываюць мала руплівымі ў рэлігійным жыцці… А вы маеце мужную веру!»

Вы не толькі працуеце, а і выконваеце місію

Чытаючы падрыхтаваны тэкст, Папа дадаў:

«Вы робіце важную справу і несяце ў многія італьянскія сем’і вестку пра Бога найлепшым чынам, калі сваёй службай вы апякуецеся людзьмі і прысутнічаеце з клопатам, але нічога не навязваючы. І гэта вельмі важна: не навязваць. Сведчанне. Яно адбываецца так. <…> Так перадаецца вера. Я заклікаю вас глядзець на вашую працу, цяжкую і часта малаўдзячную, не толькі як на працу, але і як на місію: занясіце ўмацаванне і лагоднасць Бога тым, хто на сваім жыццёвым шляху ўжо рыхтуецца да сустрэчы з Ім. Гэта вялікае служэнне блізкасці і набліжэння, прыемнае Богу».

Тры асобы, важныя для супольнасці і для Папы

Святы Айцец назваў тры асобы, важныя як для супольнасці, так і для яго самога. Гэта кардынал Сліпы, які пажадаў пабудаваць і пабудаваў базыліку святой Сафіі, біскуп Сцяпан Чміль, «чалавек, які зрабіў мне вельмі шмат дабра»: яшчэ малым хлапчуком у Аргенціне будучы Папа навучыўся ў яго

«прыслугоўваць да Імшы, чытаць ваш алфавіт, дзякуючы яму я спазнаў прыгажосць вашай літургіі; ягоныя апавяданні былі жывым сведчаннем таго, як моцна выпрабоўвалася і загартоўвалася вера сярод жахлівага атэістычнага пераследу мінулага стагоддзя».

Трэцяя асоба і сведка веры, каго меў на ўвазе Святы Айцец, — гэта кардынал Гузар, які «для многіх быў правадыром і старэйшым братам».

Касцёл — гэта сустрэча і новае жыццё

Потым папа Францішак пракаментаваў назву, якую гэтая супольнасць, разам з іншымі ўкраінскімі грэка-каталіцкімі супольнасцямі з усяго свету, дала сваёй пастырскай праграме: «Жывая парафія — месца сустрэчы з жывым Хрыстом», падкрэсліўшы пры гэтым два словы, першае з якіх — «сустрэча».

«Касцёл — гэта сустрэча, гэта месца, дзе можна вылечыцца ад самотнасці, дзе можна перамагчы спакусу адасобіцца і закрыцца, дзе можна знайсці сілы для таго, каб пераадолець свае ўласныя абмежаванні. Супольнасць — гэта, такім чынам, месца, дзе можна падзяліцца радасцямі і цяжкасцямі, куды можна прынесці цяжар свайго сэрца, незадаволенасць жыццём і настальгію па сваім доме».

Другое слова — «жывы». Езус — жывы, таму кожная хрысціянская супольнасць павінна мець «водар жыцця».

«Парафія — гэта не музей, у якім сабраны ўспаміны мінулага, і не знак прысутнасці на пэўнай тэрыторыі, а сэрца місіі Касцёла, дзе прымаецца і падзяляецца новае жыццё, тое жыццё, якое перамагае грэх, смерць, смутак, кожны смутак, і падтрымлівае сэрца маладым».

Асаблівая сувязь паміж папам Францішкам і Украінай

Нарэшце, неспадзявана, Папа адкрыў прысутным «адзін сакрэт»:

«Штовечар, перш, чым пакласціся спаць, і штораніцы, калі я прачынаюся, я кожны раз сустракаюся з украінцамі. Чаму так?»

І Святы Айцец распавёў, што менавіта ад Вярхоўнага арцыбіскупа УГКЦ, які калісьці быў у Аргенціне, ён атрымаў у падарунак вельмі прыгожы абраз Маці Божай Замілавання. Гэты абраз яму прыслалі з Буэнас-Айрэса, і цяпер ён знаходзіцца ў ягоным пакоі.

«І штовечар, перш, чым пакласціся спаць, я цалую Маці Божую Замілавання, якую мне падараваў ваш Вярхоўны арцыбіскуп, і таксама штораніцы я з Ёй вітаюся. Такім чынам, можна сказаць, што я распачынаю і заканчваю дзень па-ўкраінску.

Шматлікія падарункі для Папы

На заканчэнне сваіх словаў Святы Айцец запрасіў арцыбіскупа Шаўчука разам з усёй супольнасцю памаліцца «Вітай, Марыя» і разам удзяліць благаслаўленне вернікам.

Пасля гэтага Папу ўручылі падарункі: карту Украіны, выкананую ў форме жоўта-блакітнай мазаікі, «мотанкі» — традыцыйныя лялькі, якія прадстаўляюць сям’ю ў народных украінскіх строях, абраз Маці Божай Аранты з Кіеўскай Сафіі — сімвал тысячагадовай украінскай духоўнасці. Акрамя таго, сярод падарункаў былі вышываны ручнік і збанок мёду, які ўручыла Папу спадарыня Таццяна Іжэўская, Пасол Украіны пры Святым Пасадзе. Нарэшце, папа Францішак атрымаў копію Перасопніцкага Евангелля — першага рукапіснага Евангелля XVI ст., перакладзенага на заходнеўкраінскі дыялект старабеларускай мовы, і абраз благаслаўлёнага а. Амялляна Каўча, украінскага святара, які апошнія дні свайго жыцця прысвяціў служэнню бліжнім у канцлагеры Майданэк, дзе і быў забіты.

Апошняе заахвочванне

Калі Папа спускаўся ў крыпту базылікі, каб ушанаваць пахаваных там сведкаў веры, многія з прысутных хапалі яго за руку, каб паціснуць або пацалаваць. І на выхадзе са святыні вернікі чакалі яго, каб развітацца. «Маё сэрца поўніцца радасцю ад гэтай сустрэчы. Дзякуй вам за вашую трываласць у веры. Трымайцеся і наперад! Працягвайце маліцца за мяне, а я буду маліцца за вас, распачынаючы і заканчваючы дзень па-ўкраінску перад Маці Божай, якую мне падараваў арцыбіскуп у Буэнас-Айрэсе».

Абноўлена 29.01.2018 19:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця