Пошук

28.01.2018 19:37   Паводле: Дэбара Данніні – Vatican News / Фота: Vatican Media / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

У Чацвёртую звычайную нядзелю папа Францішак цэлебраваў святую Імшу з нагоды свята Перанясення абраза Маці Божай Salus Populi Romani (Збаўленне Рымскага Народа), так званай «Снежнай», у рымскую базыліку Найсвяцейшай Панны Марыі Вялікай, асабліва шанаванай у Рыме і ва ўсім Каталіцкім Касцёле, рэстаўрацыя якой нядаўна завяршылася ў майстэрні Ватыканскіх музеяў.

У Марыі мы знаходзім прытулак; Яна ніколі не пагарджае нашымі малітвамі, Яна патрэбная нам так, як немаўляці патрэбна, каб яго насілі на руках, як падарожнаму патрэбны адпачынак. Сённяшняя гамілія папы Францішка, які ўжо ў 59-ы раз за час свайго пантыфікату наведаў базыліку Панны Марыі Вялікай, каб ушанаваць старажытны абраз, які з’явіўся ў Рыме з Усходу, стала сапраўдным гімнам Багародзіцы.

Тут, прыпаўшы да стопаў Нябеснай Маці, Пантыфік просіць дапамогі і падтрымкі перад кожным сваім падарожжам, а закончыўшы яго, абавязкова дзякуе тут Марыі.

Гэтым разам свята Перанясення абраза мела цалкам выключны характар: сюды, у святыню, пасля аднаўлення ў рэстаўрацыйнай майстэрні ватыканскіх музеяў вярнуўся старажытны абраз Багародзіцы.

Там, дзе Марыя, адступае страх

Маці ахоўвае адносіны і абараняе ад зла. «Калі дома Багародзіца, д’ябал туды не ўвойдзе, — падкрэсліў папа Францішак, — там, дзе ёсць Маці, знікае трывога, адступае страх».

Таму не на ідэі і не на тэхналогіі мы ўскладаем надзеі, а на аблічча Маці, «надзейнага каўчэгу сярод патопу». Святы Айцец заклікае шукаць прытулку, штодзённа прыходзячы да Маці, запрашаючы Яе ў нашае сэрца і ў нашае жыццё.

Небяспека для веры — жыць без Маці

Папа Францішак таксама папярэдзіў, што «вялікая небяспека для веры — жыць без Маці, без абароны».

«Маці — гэта не штосьці неабавязковае; любіць Яе — гэта не паэзія, а ўменне жыць, таму што без Маці мы не можам быць дзецьмі».

Таму Пан заклікае нас прыняць Маці, як гэта зрабіў Ян пад крыжам.

«Немагчыма быць абыякавымі або адарванымі ад Маці, інакш мы згубім нашую тоеснасць як дзяцей і нашую тоеснасць як народа, жывучы хрысціянствам, складзеным з ідэй, праграм, без даверу, без пяшчоты, без сэрца. А без сэрца няма любові, і вера рызыкуе ператварыцца ў прыгожую казку пра лепшыя часы».

Збірацца пад Яе плашчом

Хрысціянскі народ з самага пачатку разумеў, што ў складаных сітуацыях неабходна прыходзіць да Маці, «збірацца пад Яе плашчом», як рабілі гэта гаротнікі, просячы паратунку ў высокапастаўленых матронаў.

Таму невыпадкова шмат дзе на Усходзе святкуецца Пакроў Маці Божай, якую на прыгожых іконах малююць з плашчом, якім Яна пакрывае сваіх дзяцей. Акрамя таго, называючы Яе «Святой Багародзіцай», старажытныя манахі заклікалі шукаць прытулак пад Яе плашчом.

Марыя нястомна заступаецца

Марыя нястомна заступаецца, калі толькі мы ні папросім Яе, не марудзіць і «ніколі не пагарджае маленнем нашым», ніводнае з якіх не застаецца нявыслуханым. Яна бачыць цяжкасці, адчувае «нягоды жыцця».

Каб лепш даць гэта зразумець, Святы Айцец прывёў у прыклад жанчыну, якая ў шпіталі скардзілася на тое, што не можа ўзяць на сябе боль свайго сына.

На заканчэнне папа Францішак, маючы на ўвазе нядаўнюю рэстаўрацыю, сказаў: «Цяпер, гледзячы на Яе, якая толькі што выйшла са шпіталя, паглядзім на Яе з пяшчотаю і прывітаем так, як віталі Яе хрысціяне Эфеса. Усе разам тройчы паўторым: „Святая Багародзіца“».

Абноўлена 29.01.2018 14:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.