Вечарам 25 студзеня, у свята Навяртання св. Апостала Паўла, папа Францішак у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі цэлебраваў Нешпары з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх веравызнанняў.
Удзел у супольнай ласцы хросту
«Усе мы, хрысціяне, прайшлі праз воды хросту», — сказаў падчас цэлебрацыі Святы Айцец, падкрэсліўшы такім чынам, што ўсе мы падзяляем адзін асноўны вопыт — досвед Божай ласкі.
Калі мы кажам, што прызнаём хрост хрысціянаў іншых традыцый, мы вызнаём, што і яны атрымалі ад Пана прабачэнне і што Ягоная ласка дзейнічае ў іх. Мы ўспрымаем іх культ як сапраўдны выраз праслаўлення Бога за Яго справы. Таму мы жадаем маліцца разам, яшчэ больш з’яднаўшы нашыя галасы. І нават калі пэўныя разыходжанні нас падзяляюць, мы прызнаём, што належым да народа адкупленых, да адной сям’і братоў і сясцёр, якіх любіць адзіны Айцец.
Гісторыя Майсея — гэта гісторыя ўсіх хрысціянаў
Узяўшы за прыклад гісторыю Майсея з чытання з кнігі Зыходу, якое прагучала падчас цэлебрацыі, папа Францішак выкарыстаў інтэрпрэтацыю св. Аўгустына:
«Святы Аўгустын бачыць у Чырвоным моры, дзе Ізраэлю было дадзена Божае збаўленне, знак, які прадвяшчае кроў укрыжаванага Хрыста, крыніцу збаўлення. Усе мы, хрысціяне, прайшлі праз воды хросту, і ласка гэтага сакрамэнту перамагла нашых ворагаў, грэх і смерць».
І ў гэтай больш шырокай перспектыве той спеў ад першай асобы, якім ізраэльцяне праславілі Бога: «Пан мая сіла і мая песня, Ён стаў маім збаўленнем» (пар. Зых 15, 2), — «становіцца апавяданнем збаўлення ўсяго народа». Вось як гэта тлумачыць Папа:
«Той, хто ўзносіць гэты спеў, усведамляе, што не толькі ён адзін быў на беразе Чырвонага мора, але што вакол яго былі таксама браты і сёстры, якія атрымалі тую ж ласку і спяваюць такое самае праслаўленне».
Святы Павел і яго досвед ласкі і еднасці-камуніі
Таксама і св. Павел, як адзначыў далей Святы Айцец, меў «магутны досвед» Божай ласкі і еднасці-камуніі з іншымі братамі:
«Ласка Божая таксама і яго прымусіла шукаць еднасці з іншымі хрысціянамі адразу ж пасля навяртання: спярша ў Дамаску, а потым у Ерузалеме (гл. Дз 9, 19. 26–27). Гэта і наш досвед як вернікаў. Па меры нашага ўзрастання ў духоўным жыцці мы ўсё лепш разумеем, што ласка прыходзіць да нас разам з іншымі людзьмі і што яе неабходна падзяляць з іншымі».
Гаворка ідзе пра досвед, перажыты таксама рознымі хрысціянскімі веравызнаннямі: «У мінулым стагоддзі, — адзначыў Святы Айцец, — мы, нарэшце, зразумелі, што разам апынуліся на беразе Чырвонага мора».
Ад ласкі хросту да блуканняў па пустыні
Працягваючы праводзіць паралелі паміж жыццём Майсея і гісторыяй хрысціянаў, Папа засяродзіўся на супольным вопыце выбранага народа і хрысціянаў:
«Таксама і хрысціяне нашых дзён сустракаюць на дарозе шмат цяжкасцяў, іх акружае безліч духоўных пустыняў, у якіх высыхаюць надзея і радасць. На шляху падсцерагаюць таксама сур’ёзныя небяспекі, якія пагражаюць жыццю: колькі братоў сёння церпяць пераслед за імя Хрыста! Калі праліваецца іхняя кроў, нават калі яны належаць да розных веравызнанняў, яны разам становяцца сведкамі веры; мучанікамі, з’яднанымі повяззю ласкі хросту. Акрамя таго, разам са сваімі паплечнікамі іншых рэлігійных традыцый хрысціяне ў наш час сутыкаюцца з выклікамі прыніжэння чалавечай годнасці».
Захоўваць успамін пра справы Бога
Войны, беднасць, гандаль жывым таварам, сучаснае рабства і няроўнасць — усё гэта «выклікі, якія прыніжаюць чалавечую годнасць», але ў адказ на якія, як заахвочвае папа Францішак:
«Падобна да ізраэльцянаў з кнігі Зыходу, хрысціяне пакліканыя разам захоўваць успамін пра тое, што Бог здзейсніў у іх. Жывучы гэтай памяццю, мы можам падтрымліваць адно аднаго і з мужнасцю ды надзеяй супрацьстаяць усім выклікам, будучы ўзброенымі толькі Хрыстом і лагоднай моцай Яго Евангелля».
Святы Айцец ускладае вялікія спадзяванні на далейшы супольны шлях.
«Мы разам падзякавалі Богу за тое, што Ён здзейсніў у нашым жыцці і ў нашых супольнасцях. Даручым Яму цяпер патрэбы нашы і ўсяго свету, не губляючы даверу, што Ён у сваёй вернай любові будзе і надалей збаўляць і весці свой народ па ягоным шляху».
Супольнае благаслаўленне
На заканчэнне цэлебрацыі Нешпараў Святы Айцец запрасіў лютэранскага пастара, які пасля дзесяцігоддзя служэння ў Рыме скіроўваецца на далейшае служэнне ў Гамбург, каб разам з ім удзяліць сабраным благаслаўленне.