Пошук


Да яднання з Богам у малітве і блізкасці з людзьмі праз спачуванне заклікаў Папа Рымскі 9 студзеня падчас ранішняй святой Імшы ў Ватыкане.

Каментуючы фрагмент Евангелля паводле Марка, Святы Айцец адзначыў, што кніжнікі і фарысеі казалі праўду, але яны абвяшчалі яе «з-за стала», далёка ад людзей і іх праблем.

У адрозненне ад гэтага, вучэнне Езуса выклікала захапленне, таму што Ён быў блізкі да чалавека і разумеў яго праблемы, пакуты і грахі, быў здольны на эмоцыі, блізкасць, быў паслядоўны ў сваёй пазіцыі.

«Тое, што дае пастыру ўладу або стымулюе яго аўтарытэт, дадзены Айцом, выражана ў яго блізкасці да Бога ў малітве — пастыр, які не моліцца і не шукае Бога, страціў блізкасць да людзей.

Пастыр, адарваны ад людзей, не трапляе да іх са сваім пасланнем. Блізкасць гэта падвойная: памазанне пастыра, які захапляецца перад тварам Бога ў малітве і не можа заставацца абыякавым ва ўмовах чалавечых грахоў, праблем і хваробы», — сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што кніжнікі страцілі здольнасць неабыякавасці, таму што аддаліліся і ад Бога, і ад людзей. А гэта вядзе пастыра да жыццёвай непаслядоўнасці. Ён узгадаў словы Езуса: «Рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць». (пар Мц 23,3).

«Дрэнна бачыць пастыра, які вядзе падвойнае жыццё: гэта рана ў Касцёле. Хворыя тыя пастыры, якія страцілі аўтарытэт і працягваюць жыць падвойным жыццём. Ёсць так шмат спосабаў весці падвойнае жыццё... І Езус вельмі цвёрда выступае адносна іх. Не толькі кажа людзям, каб слухалі іх, але не пераймалі іх прыкладу, а і больш: „Вы падобныя  да пабеленых трунаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!“ (пар Мц 23, 27). Такім з’яўляецца канец пастыра, які не жыве ў еднасці з Богам на малітве і ў спачуванні да людзей», — папярэдзіў Святы Айцец.

Папа Францішак адзначыў, што аўтарытэт з’яўляецца дарам Бога і Езус дае яго сваім вучням. Гэта аўтарытэт навучання, які вынікае са з’яднання з Богам і людзьмі. Ён выяўляецца ў жыццёвай паслядоўнасці і ніколі — у падвойным жыцці.

«І калі нейкі святар губляе аўтарытэт, няхай хоць не губляе надзеі: заўсёды ёсць час наблізіць і абудзіць аўтарытэт і прароцтва», — завяршыў сваю гамілію Папа.

Абноўлена 10.01.2018 12:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця