Лічыцца з крохкасцю гліны, з якой былі зроблены, — гэта досвед, які нас умацоўвае. Аб гэтым нагадаў Папа Рымскі падчас агульнай аўдыенцыі, якая 3 студзеня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Працягваючы цыкл катэхез пра Эўхарыстыю, Пантыфік распавёў пра значэнне чыну пакаяння, які здзяйсняецца на пачатку святой Імшы. Папа Францішак заўважыў, што прызнанне ўласных грахоў перад Богам і братамі дазваляе падрыхтавацца да годнага ўдзелу ў святых таямніцах.
«Саманадзейны чалавек няздольны атрымаць прабачэнне...»
«Што Пан можа падарыць тым, хто мае задаволенае сабой і ўласным поспехам сэрца? — Нічога, бо саманадзейны чалавек няздольны атрымаць прабачэнне, ён сыты сваёй меркаванай справядлівасцю.
Узгадаем прыпавесць пра фарысея і мытніка, у якой толькі другі — мытнік — вярнуўся дадому апраўданы, гэта значыць прабачаны (пар. Лк 18, 9-14).
Хто ўсведамляе ўласную мізэрнасць і апускае вочы з пакорай, той адчувае, як на ім спачывае міласэрны позірк Бога. Мы па досведзе ведаем, што толькі той, хто здольны прызнаваць памылкі і прасіць прабачэння, атрымлівае разуменне і прабачэнне іншых», — сказаў Папа.
Падчас чыну пакаяння вернікі спавядаюцца не толькі з грахоўных думак, слоў і ўчынкаў, але таксама з занядбанняў — невыканання таго дабра, якое магло быць зроблена, заўважыў папа Францішак.
«Часта мы адчуваем сябе прыстойнымі, бо, як кажам, “нікому не зрабілі кепска”. На самой справе недастаткова не рабіць зла бліжняму, але трэба рабіць дабро, выкарыстоўваючы нагоды, каб даваць добрае сведчанне аб тым, што мы вучні Езуса.
Важна падкрэсліць, што мы спавядаемся, як Богу, так і братам, у тым, што з’яўляемся грэшнікамі: гэта нам дапамагае зразумець вымярэнне граху, які, аддзяляючы нас ад Бога, аддзяляе таксама ад нашых братоў, і наадварот.
Грэх стварае разрывы: разрывае адносіны з Богам і братамі, адносіны ў сям’і, грамадстве, супольнасці», — падкрэсліў Святы Айцец.
Важна не толькі прызнаць сваю віну, але і пакаяцца
Папа Францішак заўважыў, што, здзяйсняючы чын агульнага вызнання грахоў і ўдараючы сябе ў грудзі, важна не толькі прызнаваць сябе вінаватымі, але таксама шчыра ў гэтых грахах спавядацца. Каментуючы далейшы зварот да Маці Божай і святых, Папа падкрэсліў, што іх заступніцтва падтрымлівае нас на шляху да поўнай еднасці з Богам, калі грэх будзе знішчаны назаўжды.
«Святое Пісанне дае нам шматлікія прыклады асобаў, якія каяліся, якія, паглядзеўшы на сябе пасля здзяйснення граху, знайшлі адвагу, каб зняць маску і адкрыцца на ласку, што абнаўляе сэрца.
Падумаем пра караля Давіда і словы псальма, які прыпісваецца яму: “Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй; і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае” (51, 3). Падумаем пра блуднага сына, які вяртаецца да айца; ці пра ўскліканне мытніка: “Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшнага” (Лк 18, 13). Падумаем таксама пра св. Пятра, Закхея, самаранку.
Лічыцца з крохкасцю гліны, з якой мы былі зроблены, — гэта досвед, які нас умацоўвае: у той час, калі прымушае нас усведамляць нашу слабасць, адкрывае наша сэрца на малітву аб Божай міласэрнасці, якая перамяняе і здзяйсняе навяртанне. Менавіта гэта мы робім падчас чыну пакаяння на пачатку святой Імшы», — сказаў Папа.