
21 красавіка 2025 года памёр Папа Францішак. Прайшоў роўна год, як яго няма з намі на зямлі. Якім быў галоўны захавальнік каталіцкай веры і кіраўнік Каталіцкага Касцёла?
У адносінах да Папы Францішка вельмі часта ўжываюць эпітэт «першы». Ён першы з Пантыфікаў, хто ўзяў імя Францішак, першы прадстаўнік Ордэна Езуітаў, першы папа з Новага Свету.
Кароткая біяграфія
Хорхе Марыё Бэргольё нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў шматдзетнай сям'і італьянскага эмігранта, чыгуначнага рабочага, і быў малодшым з пяці дзяцей. Стаў святаром і атрымаў ступень ліцэнзіята па філасофіі. Выкладаў літаратуру, філасофію і тэалогію ў трох каталіцкіх каледжах Буэнас-Айрэса.
У 1992 годзе быў прызначаны папам Янам Паўлам ІІ біскупам, у 1998 годзе — арцыбіскупам, у 2001 годзе ўзведзены ў кардынальскую годнасць. З 2005 па 2011 гады ўзначальваў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Аргенціны. Кардынал Бэргольё быў прызначаны адразу на некалькі адміністрацыйных пасад.
Ён быў абраны Папам 13 сакавіка 2013 года пасля добраахвотнай адстаўкі і пераходу на пенсію папы Бэнэдыкта XVI.
Яшчэ будучы арцыбіскупам, Хорхэ Бэргольё здзіўляў вернікаў сваім аскетычным ладам жыцця. Ён жыў у маленькай кватэры, ездзіў на грамадскім транспарце. Стаўшы кіраўніком Касцёла, Францішак не змяніў свой стыль жыцця. У свой час блогасфера абмяркоўвала фатаграфію, на якой пажылы Папа ў асяроддзі памагатых сам нёс да трапа самалёта свой велізарны партфель. А яшчэ ён адмовіўся ад браніраванага папамабіля і ездзіў на сустрэчы на звычайных бюджэтных аўтамабілях.
Асцярожны рэфарматар
Папа Францішак таксама стаў першым Папам, які выйшаў у сацсеткі. Ён завёў акаўнт у Twitter (цяпер Х). А вось у Facebook яго не пускалі кардыналы, якія хваляваліся, што ён будзе атрымліваць ад хэйтэраў занадта шмат абраз.
«Негатыўныя каментарыі на старонцы Пантыфіка ў Twitter можна і не заўважыць у адрозненне ад Facebook»,
— тлумачыў рашэнне старшыня папскай Рады па сацыяльных камунікацыях арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі.
У пытаннях стаўлення Касцёла да найбольш вострых сацыяльных пытанняў Папа Францішак выглядаў хутчэй асцярожным рэфарматарам:
- На працягу 12 гадоў Папа Францішак змагаўся са злоўжываннямі ўнутры курыі і рэфармаваў Банк Ватыкана.
- З верасня 2017 года Пантыфік распачаў актыўную і непрымірымую барацьбу з педафіліяй сярод духоўных асобаў. Былі створаны спецыяльныя камісіі, якія расследавалі факты злоўжывання духоўных у адносінах да непаўналетніх. Да вінаватых у гэтым цяжкім злачынстве прымяняліся найцяжэйшыя касцёльныя кары, уключна з пераводам святароў у свецкі стан. Таксама накладваліся адпаведныя пакаранні на біскупаў і іншых настаяцеляў, якія ўтойвалі факты педафіліі і не рэагавалі на злачынства.
- У энцыкліцы «Laudato Si» Папа Францішак асудзіў забруджванне навакольнага асяроддзя дзеля прыбытку і звязаную з гэтым глабальную няроўнасць, а таксама падтрымаў барацьбу з глабальнай зменай клімату.
- Менавіта гэты Пантыфік падчас праходжання Сіноду біскупаў 2021-2023 гадоў у Ватыкане сфармуляваў паняцце сінадальнасці, якая прадугледжвае большую ступень удзелу свецкіх у жыцці Касцёла. Так, ён уключыў жанчын у кіруючыя органы Апостальскай Сталіцы. У студзені 2025 года сястра Сымона Брамбіла была ім прызначана Прэфектам Дыкастэрыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, а ў сакавіку таго ж года сястра Рафаэла Петрыні стала старшынёй Папскай Камісіі па справах Дзяржавы-горада Ватыкан, а таксама старшынёй Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.
- Францішак адрэгуляваў правілы цэлебрацыі святой Імшы ў надзвычайным рымскім абрадзе. 16 ліпеня 2021 года быў выдадзены ў форме motu proprio Апостальскі ліст Traditionis custodes аб выкарыстанні рымскай літургіі да рэформы 1970 года, які зняў некаторыя саступкі на карысць выкарыстання Рымскага Імшала 1962 года, дадзеныя Папам Бэнэдыктам XVI у Апостальскім лісце Summorum Pontificum ад 7 ліпеня 2007 года. Ён патлумачыў гэты крок рэакцыяй на злоўжыванні цэлебрацыяй гэтай формы святой Імшы з пакіданнем звычайнай формы, устаноўленай Касцёлам.
- Спачылы Папа ў студзені 2023 года зацвердзіў дэкларацыю Fiducia supplicans, у якой давалася магчымасць духоўным асобам благаслаўляць пары аднаго полу без правядзення абраду альбо імітацыі шлюбу. Як тлумачылася, вучэнне аб сужэнстве не змяняецца, благаслаўленне не азначае адабрэння аднаполага саюза. Тады многія канферэнцыі біскупаў, у тым ліку і ККББ, паведамілі, што, каб пазбегнуць блытаніны і няправільнага разумення каталіцкага веравучэння, не будуць карыстацца дадзенай гэтым дакументам магчымасцю благаслаўлення пар, што жывуць у саюзах, якія парушаюць Божыя Запаведзі.
Адыход у вечнасць
Папа Францішак памёр 21 красавіка 2025 года пасля зацяжнога астмападобнага рэспіраторнага крызісу. Перад гэтым ён апошні раз у жыцці паспеў праехацца па Плошчы Святога Пятра папамабілем і ўдзяліць велікоднае благаслаўленне Urbi et Orbi.
Праз гады памяць пра Папу Францішка жыве ў сэрцах вернікаў, якія працягваюць падкрэсліваць яго блізкасць да вернікаў і яго прыхільнасць да свету.







