Пошук

26.12.2017 17:57   be.radiovaticana.va / Catholic.by

Да новых форм «адносін, у якіх ніхто не будзе адчуваць сябе не маючым месца на гэтай зямлі», заклікаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў ноч Божага Нараджэння, якую цэлебраваў у Ватыкане.

Літургія пачалася пры святле свечак, у прыцемках базылікі св. Пятра, пад спеў хору Папскай музычнай Сікстынскай капэлы.

У гаміліі Пантыфік нагадаў пра лёс тысяч людзей, гісторыі якіх перасякаюцца з гісторыяй Марыі і Юзафа — людзей, таксама вымушаных пакінуць родную зямлю, дом і блізкіх. Часам іх падарожжы напоўнены надзеяй на будучыню, а часам выкліканы толькі імкненнем выжыць з-за дзейнасці «чарговых Ірадаў, якія дзеля навязвання сваёй улады і павелічэння сваіх багаццяў не маюць ніякай праблемы, каб праліць нявінную кроў».

Папа адзначыў, што Марыя і Юзаф павінны былі зрабіць складанае падарожжа, але яшчэ большая праблема іх чакала наперадзе: ў Бэтлееме яны апынуліся «ў зямлі, якая іх не чакала, у якой для іх не было месца». І тут Марыя нарадзіла Езуса. Менавіта ў такіх умовах запалілася «рэвалюцыйная іскра ласкавасці Бога».

Першымі адрасатамі радаснага паслання аб нараджэнні Збаўцы сталі тыя, «якія не мелі месца за сталамі і на дарогах гарадоў»: пастухі, якія «з-за сваёй працы» павінны былі «жыць на ўскраіне грамадства». «Іх умовы жыцця, месцы, у якіх яны былі вымушаны прабываць, перашкаджалі ім захоўваць усе рытуальныя прадпісанні рэлігійнага ачышчэння, і таму яны лічыліся нячыстымі», — заўважыў Папа.

Іх, па словах Пантыфіка, «выдавалі скура, вопратка, запах, гаворка, паходжанне. Усё ў іх выклікала адчужэнне. Гэта былі людзі, ад якіх трэба было трымацца далёка, баяцца. Яны лічыліся язычнікамі сярод вернікаў, грэшнікамі сярод справядлівых, чужынцамі сярод суграмадзян». Але менавіта гэтым тагачасным людзям другога гатунку анёл абвясціў «вялікую радасць» нараджэння Месіі.

Паводле слоў Святога Айца, менавіта гэту радасць мы пакліканы раздзяліць, святкаваць і абвяшчаць. «Гэта радасць, з якой Бог, у сваёй бясконцай міласэрнасці, атуліў нас — язычнікаў, грэшнікаў і чужынцаў, — і падштурхоўвае нас рабіць тое самае», — дадаў Пантыфік.

«Вера гэтай ночы вядзе нас да распазнання Бога, прысутнага ва ўсіх сітуацыях, у якіх мы думаем, што Яго няма. Ён ёсць у бестактоўным незнаёмцы, часта непазнавальным, які ходзіць па нашых гарадах, па нашых кварталах, падарожнічае на нашых аўтобусах, стукае ў нашы дзверы», — сказаў Папа.

«Божае Нараджэнне — гэта час, каб перамяніць сілу страху ў сілу любові, у сілу для новага ўяўлення любові, якая не прызвычайваецца да несправядлівасці, як да чагосьці натуральнага, але мае адвагу, пасярод напружанасці і канфліктаў, каб стаць “домам хлеба”, гасціннай зямлёй», — лічыць Святы Айцец.

«Не бойцеся! Адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзеры Хрысту!» — нагадаў Папа словы св. Яна Паўла ІІ і дадаў, што «ў Дзіцятку з Бэтлеема Бог выходзіць нам насустрач, каб зрабіць нас галоўнымі дзеючымі асобамі жыцця, якое нас акружае», каб «не баяліся ўзяць на рукі, суцешыць і атуліць спрагнёнага, чужынца, нагога, хворага, вязня».

На заканчэнне гаміліі Папа памаліўся, каб плач Дзіцятка Езуса «абудзіў нас ад абыякавасці» і «адкрыў нашы вочы на тых, хто церпіць», каб Яго ласкавасць абудзіла нашу чуласць і дазволіла нам адчуць сябе запрошанымі распазнаць Хрыста ва ўсіх, хто прыбывае ў нашы гарады, нашы гісторыі, нашы жыцці.

Абноўлена 26.12.2017 18:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа