16 снежня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Італьянскага саюза перыядычнага друку і Італьянскай федэрацыі каталіцкіх штотыднёвікаў.
1. Карэктна інфармаваць і рабіць зразумелай праблематыку
«Вы маеце адно з самых важных у сучасным свеце заданняў, ці, лепш сказаць, місій: карэктна інфармаваць, несці ўсім найбольш адпаведную рэальнасці версію фактаў.
Вы пакліканы рабіць зразумелай для шырокай публікі складаную праблематыку, рэалізуючы функцыю пасрэднікаў паміж ведамі, якімі валодаюць спецыялісты, і канкрэтнай магчымасцю іх шырокага распаўсюджвання», — нагадаў Папа, звяртаючыся да журналістаў.
Пантыфік адзначыў, што «свабодны і адказны голас» журналістаў — фундаментальны для развіцця кожнага грамадства, якое хоча называць сябе дэмакратычным.
2. Мэта навіны — не здзіўляць, а спрыяць крытычнаму пачуццю чытачоў
Паводле Святога Айца, у наш час, калі пануе трывожная хуткасць, імкненне да сенсацыйнасці і пазбяганне дакладнасці і складанасцяў, «існуе патрэба ў надзейнай інфармацыі, з праверанымі данымі і навінамі, мэта якой заключаецца не ў тым, каб здзіўляць і выклікаць эмоцыі, а ў тым, каб спрыяць фарміраванню ў чытачоў здаровага крытычнага пачуцця».
Папа заўважыў, што да падобных спакус менш схільны мясцовы і рэгіянальны друк, у тым ліку каталіцкі.
3. Пісаць міралюбівай мовай і яснымі словамі
Звяртаючыся да прадстаўнікоў каталіцкіх італьянскіх выданняў, Пантыфік падкрэсліў іх важнасць для евангелізацыі.
«Працаваць у дыяцэзіяльным штотыднёвіку — значыць асаблівым чынам “адчуваць” мясцовы Касцёл, жыць у блізкасці да жыхароў горада ці вёскі і, асабліва, бачыць падзеі ў святле Евангелля і вучэння Касцёла. Гэтыя элементы з’яўляюцца “компасам” для такога выключнага спосабу журналістыкі, расповеду навін і прадстаўлення меркаванняў», — сказаў Святы Айцец.
Папа Францішак нагадаў пра патрэбу ў спакойнай, дакладнай і ўсебаковай перадачы навін «міралюбівай мовай, каб спрыяць плённай рэфлексіі, а таксама ўзважанымі і яснымі словамі, якія не схіляюць да шматзначнага і двухсэнсоўнага дыскурсу».