13 снежня падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI папа Францішак прысвяціў сваё разважанне сэнсу нядзельнай Эўхарыстыі.
Пантыфік нагадаў, што яна дае хрысціянам магчымасць сустрэчы з Богам, умацавання Яго словам і адчування сябе Касцёлам, Яго містычным Целам.
«Што гэта за нядзеля для хрысціяніна без сустрэчы з Панам? З самага пачатку гэта зразумелі вучні Езуса, якія цэлебравалі Эўхарыстычную Сустрэчу з Панам у дзень, які яўрэі называлі “першым днём тыдня”, а рымляне “днём сонца”. У гэты дзень Езус уваскрос і аб’явіўся вучням, размаўляючы з імі, спажываючы з імі ежу, дорачы ім Святога Духа.
Таксама вялікае спасланне Святога Духа адбылося ў нядзелю, на пяцідзясяты дзень пасля ўваскрасення Езуса. Таму менавіта нядзеля — гэта святы дзень для нас, асвечаны эўхарыстычнай цэлебрацыяй, жывой прысутнасцю Пана паміж намі і для нас. Менавіта святая Імша робіць нядзелю хрысціянскай!» — сказаў Папа.
«Некаторыя грамадствы згубілі хрысціянскі сэнс нядзелі. Гэта грэх»
Пантыфік падкрэсліў, што каталіцкія супольнасці, які не маюць магчымасці ўдзелу ў святой Імшы кожную нядзелю, «пакліканы ў гэты святы дзень сабрацца на малітве ў імя Пана, слухаючы Божае слова і захоўваючы моцным жаданне Эўхарыстыі».
«Некаторыя секулярызаваныя грамадствы згубілі хрысціянскі сэнс нядзелі, асвечанай Эўхарыстыяй. Гэта грэх. У іх неабходна ажывіць гэту свядомасць, аднавіць значэнне свята — не губляць значэння свята, — значэнне радасці, парафіяльнай супольнасці, салідарнасці, адпачынку, які ўмацоўвае душу і цела.
Настаўніцай усіх гэтых каштоўнасцяў з’яўляецца Эўхарыстыя, з нядзелі ў нядзелю. Таму Другі Ватыканскі Сабор пажадаў сцвердзіць, што “нядзеля – гэта першасны святочны дзень, і яго трэба так падкрэсліваць і прадстаўляць пабожнасці вернікаў, каб ён стаў таксама днём радасці і адпачынку ад працы», — працытаваў Папа саборную Канстытуцыю аб літургіі Sacrosanctum Concilium.
Пантыфік заўважыў, што існаванне нядзелі як вольнага ад працы дня з’яўляецца плёнам распаўсюджвання хрысціянства.
Юдэі адпачывалі ў суботу, а ў рымскім грамадстве ўвогуле не было прадугледжана спецыяльнага дня для ўстрымання ад рабскай працы.
«Без Хрыста мы асуджаны на прыгнёт штодзённай стомленасцю. Нядзельная сустрэча з Панам дае нам сілы, каб жыць сёння з даверам і адвагай і крочыць наперад з надзеяй», — падкрэсліў Папа.
Што адказваць тым, хто кажа, што святая Імша не важная?
«Што можам адказаць тым, хто кажа, што не важна хадзіць на святую Імшу, нават у нядзелю, а толькі важна быць добрымі, любіць бліжняга? Гэта праўда, што якасць хрысціянскага жыцця вымяраецца здольнасцю любіць, як казаў Езус: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35); але як можам практыкаваць Евангелле, не чэрпаючы, з нядзелі ў нядзелю, неабходныя для гэтага сілы з невычэрпнай крыніцы Эўхарыстыі?
Мы не ідзём на святую Імшу, каб даць штосьці Богу, але каб атрымаць ад Яго тое, у чым па-сапраўднаму маем патрэбу», — адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што католікі павінны ўдзельнічаць у нядзельнай святой Імшы, паколькі толькі дзякуючы ласцы Езуса людзі могуць спаўняць Яго запаведзі і быць, такім чынам, Яго пераканаўчымі сведкамі.