Пошук


Падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Папскай рады па культуры 18 лістапада Папа Рымскі звярнуў увагу на тое, што медыцына і генетыка «дазваляюць зазірнуць у самыя інтымныя структуры чалавечай істоты і нават умяшацца, каб змяніць яе; дазваляюць выкараніць хваробы, якія лічыліся невылечнымі да нядаўняга часу, але і адкрываюць магчымасць “праграмавання” ў людзях вызначаных якасцяў».

Як дадаў Пантыфік, сучасная неўралогія здабывае ўсё больш інфармацыі пра функцыянаванне чалавечага мозгу, а асноўныя рэаліі хрысціянскай антрапалогіі, такія, як душа, самасвядомасць, свабода, зараз усур’ёз ставяцца пад сумнеў.

Паводле слоў Святога Айца, неверагодны прагрэс аўтаномных машын і штучнага інтэлекту прымушаюць да разважання аб тым, што такое чалавек і што адрознівае нас ад машын.

Менавіта па гэтай прычыне Касцёл, які ўважліва сочыць за радасцямі і надзеямі, трывогамі і страхамі чалавецтва, хоча паставіць чалавечую асобу ў цэнтр сваёй рэфлексіі.

«Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш?» (Пс 8,5) — гэтае пытанне знаходзіцца на першых старонках Бібліі. Свабода чалавека, паводле біблійнай канцэпцыі, выяўляецца ў аўтаноміі і маральным выбары. Гэтая фундаментальная сістэма ніколі не згубіць сваёй актуальнасці, хоць сёння асноўныя прынцыпы і паняцці антрапалогіі часта ставяцца пад сумнеў, сказаў Папа.

Як рэагаваць на выклікі, якія ставіць перад Касцёлам сённяшняя навука? — задаўся пытаннем папа Францішак. На думку Пантыфіка, па-першае, выказаць падзяку навукоўцам за іх намаганні, бо навука і тэхналогіі дапамаглі нам паглыбіць межы пазнання прыроды і, у прыватнасці, чалавечай істоты. Але гэтага не дастаткова, каб даць адказы на ўсе пытанні. І тут трэба чэрпаць са скарбаў мудрасці рэлігійных традыцый, літаратуры і мастацтва, якія пранікаюць глыбока ў таямніцу чалавечага быцця.

Пантыфік заклікаў не забывацца пра ўніверсальнае прызначэнне тавараў, што таксама адносіцца і да ведаў і тэхналогій. Навукова-тэхнічны прагрэс павінен служыць на карысць усяго чалавецтва, а не толькі некаторых яго прадстаўнікоў.

Папа нагадаў, што застаецца ў сіле прынцып: не ўсё, што тэхнічна магчымае і здзяйсняльнае, этычна прымальнае.

«Навука, як і любы іншы від чалавечай дзейнасці, павінна ўсведамляць свае межы, што вынікае з пачуцця маральнай адказнасці», — адзначыў Святы Айцец.

«Праўдзівай мерай прагрэсу з’яўляецца карысць кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва», — нагадаў папа Францішак выказванне Паўла VI.

Абноўлена 20.11.2017 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця