Пошук

18.10.2024 12:12   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Міколы Новікава

18 кастрычніка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята святога Лукі, евангеліста, які з’яўляецца апекуном медыкаў. У Гэты дзень Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе свае віншаванні медыцынскім работнікам і будзе цэлебраваць за іх святую Імшу.

«Хворых аздараўляйце» (Мц 10, 8).

Шаноўныя медыцынскія работнікі, браты і сёстры!

Сёння, у свята святога Лукі, евангеліста, які, дарэчы, быў таксама ўрачом, Каталіцкі Касцёл моліцца праз яго заступніцтва за людзей у белых халатах — медыцынскіх работнікаў. Сёння мы з асаблівым пачуццём падзякі і шчырай малітвай звяртаем свой позірк на ўсіх, хто носіць гэтае высокае званне.

Сардэчна віншую ўсіх вас з патранальным святам! Ваша штодзённая самаадданая і адказная праца патрабуе глыбокіх ведаў і мужнасці. Ваша сапраўды хрысціянскае служэнне людзям немагчымае без любові і спачування, цярплівасці і міласэрнасці. Святы Лука ў Евангеллі запісаў словы наказу Езуса, з якімі Ён звяртаўся да сваіх апосталаў і да кожнага, хто прымае Яго вучэнне: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны (Лк 6, 36).

Менавіта вас называюць медыцынскімі братамі і сёстрамі, падкрэсліваючы важнасць вашага ахвярнага служэння і клопат пра людзей. Духоўная сіла, міласэрнасць, спагадлівасць і цярплівасць заўсёды дапамагалі і дапамагаюць урачам з гонарам і годнасцю выконваць свой прафесійны абавязак. Вы праз сваю штодзённую ахвярную працу літаральна крочыце па слядах Нябеснага Лекара, які ўзяў на сябе хваробы і немачы ўсяго роду чалавечага.

З глыбокай удзячнасцю віншую вас з патранальным святам! Жадаю моцнага здароўя, супакою ў сем’ях, паразумення ў працоўных калектывах, веры і невычэрпнага аптымізму ў святой справе лячэння людзей!

Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

18 кастрычніка ў катэдральным ксцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў 18.30 ў інтэнцыі медыкаў і душпастырства медыцынскіх работнікаў.

Абноўлена 18.10.2024 12:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа