Пошук

18.10.2025 12:33   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Ірыны Рубінавай / radiomaria.by

18 кастрычніка, калі ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята святога Лукі, евангеліста, апекуна дактароў і медыцынаскі работнікаў, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, віншуе ўсіх медыкаў нашай краіны з патранальным святам.

Паважаныя сёстры і браты ў белых халатах!

З нагоды свята святога Лукі, евангеліста, які сам быў лекарам і ўшаноўваецца хрысціянамі як апякун медыкаў, я кірую вам словы віншавання, шчырай удзячнасці і найлепшыя пажаданні. Ва ўсе часы людзям патрэбныя тыя, хто прысвяціў сябе справе ратавання здароўя і жыцця іншых. У дзень патранальнага свята медыцынскіх работнікаў я з удзячнасю і павагай скіроўваю свае думкі да ўсіх вас, шаноўныя ўрачы, медсёстры і медбраты, акушэркі, фельчары, фармацэўты, санітары і ўсе іншых супрацоўнікі бальніц, паліклінік і аптэк.

Сёння я ўзношу за вас свае малітвы ў Рыме, перад грабніцаю святога Паўла, верным і адданым супрацоўнікам якога быў святы Лука, а праз некалькі дзён разам з пілігрымамі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі таксама наведаю Падую, дзе ў базыліцы святой Юстыны спачываюць рэліквіі вашага нябеснага апекуна і заступніка.

Дарагія сёстры і браты ў белых халатах, па прыкладу Добрага Самараніна з прыпавесці Езуса Хрыста, якую перадае ў сваім Евангеллі святы Лука, вы кожны дзень самааддана ратуеце найкаштоўнейшы Божы дар — жыццё чалавека.

Вы аказваеце дапамогу ў надзвычайных сітуацыях, звязаных са здароўем, і несяце неацэнную дапамогу людзям, якія апынуліся ў цяжкім стане.

Немагчыма знайсці словы, каб выказаць павагу і ўдзячнасць за ваша самаахвярнае служэнне хворым і церпячым. Ратуючы жыццё іншых людзей, вы выконваеце сваю місію і сваё пакліканне, нярэдка рызыкуючы пры гэтым сваім уласным здароўем і жыццём. Шчыра жадаю вам дабрыні, удзячнасці і разумення пацыентаў, іх сем’яў, падтрымкі з боку валанцёраў.

Пры алтары Пана мы сёння молімся за ўсіх вас, просячы Божай дапамогі, ласкі цярплівай настойлівасці ў барацьбе з цялеснымі і душэўнымі немачамі людзей, а таксама неабходных сіл, каб клапаціцца пра хворага чалавека, які заўсёды мае сваю годнасць і правы.

Як пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі я таксама запрашаю ўсіх медыцынскіх работнікаў Міншчыны і Магілёўшчыны да ўдзелу ў душпастырстве супрацоўнікаў службы аховы здароўя, адказным за якое з’яўляецца ксёндз Андрэй Лысы, хрыстусовец, са сталічнай парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ.

Дарагія медыкі Беларусі! Жадаю вам моцнага здароўя, задавальнення і шмат радасці пры выкананні гэтага высакароднага служэння.

Няхай святы Лука, апякун супрацоўнікаў службы аховы здароўя, выпрасіць для вас і для вашых сем’яў дапамогі ад Нябеснага Лекара — Езуса Хрыста. Няхай Маці Божая, якую мы ўшаноўваем як Аздараўленне хворых, апякуецца ўсёй нашай Радзімай і нашым народам.

Сёння я шчаслівы перадаць усім вам, дарагія браты і сёстры, апостальскае благаслаўленне Святога Айца Папы Льва XIV, з якім учора сустрэўся на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Ваш брат і пацыент,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа