Пошук

23.10.2023 15:19   Фота: кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

22 кастрычніка ў Мінску адзначылі парафіяльнае свята ў гонар апекуна адной са сталічных парафій — супольнасці святога Лукі, евангеліста.

Па пастырскіх прычыных парафіяльнае свята было перанесена на нядзелю, акурат на 45-ю гадавіну абрання і распачацця пантыфікату святога Яна Паўла ІІ.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У супольнай малітве удзел узяў душпастыр парафіі святога Лукі Евангеліста ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR. 

У гаміліі арцыбіскуп распавёў вернікам біяграфію апекуна іх парафіі.

«Святы Лука быў добра адукаваным і вельмі талентавітым чалавекам, які напісаў трэцяе Евангелле і кнігу Дзеяў апосталаў. Акрамя вялікага ўкладу ў фармаванне кніг Новага Запавету, ён паказаў сябе як выдатны іканапісец, гісторык і лекар»,

 — падкрэсліў арцыпастыр.

Хрысціянская традыцыя прыпісвае аўтарству святога Лукі цудадзейныя абразы Божай Маці: Salus Populi Romani — Збаўленне рымскага народа і шэраг іншых Марыйных абразоў.

Евангелле паводле Лукі і кніга Дзеяў апосталаў напоўнены канкрэтнымі датамі, месцамі, асабістымі дэталямі з жыцця і місіі Езуса, што пацвярджае яго кваліфікацыю як гісторыка. Па прафесіі Лука быў лекарам. Таму не дзіўна, што ён прадстаўляе Езуса як «лекара» цела і душы.

«Гісторыя хрысціянства не завяршылася Унебаўшэсцем Езуса і смерцю апосталаў і евангелістаў. Яна працягваецца, бо мы ўсе пасланыя Езусам на Яго вялікае жніво, каб пад натхненнем Святога Духа абвяшчаць Яго валадарства. Можа мы кажам, што не здольныя на такую місію.

Але Бог не заклікае вялікіх і магутных выконваць Яго волю. Ён кліча простых і дае ім сілы стаць Яго вялікімі слугамі. Касцёл не з’яўляецца святыняй для эліт і праведнікаў, але шпіталем для грэшнікаў, каб іх аздараўляць духоўна. 

Усе святыя, у тым ліку святы Лука, святы Ян Павел ІІ і іншыя, былі пакліканыя Езусам са свайго звычайнага жыцця, каб стаць надзвычайнымі слугамі Бога. Таму мы не маем права паціскаць плячыма са словамі: „А што я магу зрабіць?“, але павінны рашуча казаць: „Раблю тое, што магу“», — звярнуўся да парафіянаў арцыбіскуп.

Напрыканцы гаміліі арцыбікуп таксама распавёў аб тым, з якой надзеяй вернікі 45 гадоў таму ўспрынялі выбар Папы Яна Паўла ІІ і як яго заклік адчыніць дзверы Хрысту ажыццявіўся ў Беларусі, дзе ім былі ўстаноўлены іерархічныя структуры Касцёла. 

Гісторыя мінскай парафіі святога Лукі  распачалася ў 2007 годзе. Некаторы час святыя Імшы для яе вернікаў адбываліся ў Чырвоным касцёле.

Цяпер арандуецца асобнае памяшканне. На працягу доўгага часу вырашаецца пытанне аб атрыманні дазволу на будаўніцтва святыні. 

Тых, хто ў гэты дзень прыняў сакрвмэнт канфірмацыі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, заклікаў адкрыцца для дзеяння Святога Духа з мэтай зрабіць усё магчымае ў справе абароны веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў, каб сваім жыццём, па прыкладу святога Лукі і Яна Паўла ІІ, пісаць новую старонку гісторыі збаўлення.

Абноўлена 23.10.2023 21:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця