Пошук

18.10.2023 18:23   Тэкст: Аляксандра Шпілеўская / Фота: Caritas Minsk / Catholic.by

18 кастрычніка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Лукі, евангеліста, у гонар якога названы Дзіцячы дабрачынны сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр у Ляскоўцы што пад Мінскам.

Святы Лука, які быў спадарожнікам святога апостала Паўла, напісаў трэцяе Евангелле і кнігу Дзеяў Апосталаў, таксама займаўся медыцынай, таму, акрамя іншага, лічыцца заступнікам лекараў.

Дзіцячы дабрачынны сацыяльна-рэабілітацыйны цэнтр святога Лукі, з’яўляецца флагманскім праектам Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і дзейнічае з 2003 года.

Установа безкаштоўна размяшчае членаў сем’яў, якія прывезлі сваіх дзяцей ў Бараўляны на абследванне, лячэнне ці рэабілітацыю ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Дзеці з бацькамі паступаюць у цэнтр святога Лукі па скіраванні клінікі.

Акрамя прытулку людзі атрымліваюць у цэнтры і духоўную падтрымку.

Дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMСap размаўляе і дзеліцца парадамі з членамі сем’яў, якія перажываюць часы выпрабавання веры, напоўненыя хваляваннямі, адчаем і шматлікімі пытаннямі. Таксама за духоўнай падтрымкай да супрацўнікаў Caritas звяртаюцца і іншыя бацькі, чые дзеці лечацца ў Бараўлянах.

Фрэска з выявай св. Лукі ў капліцы цэнтра. Мастак Валяр’ян Янушкевіч

Дабрачынная арганізацыя імкнецца адказваць на духоўныя патрэбы людзей: кожны панядзелак у невялічкай капліцы святога Лукі ў Ляскоўцы адбываецца цэлебрацыя святой Імшы, якую звычайна ўзначальвае брат Анатоль.

Праз заступніцтва святога апекуна цэнтра супрацоўнікі Сaritas узносяць да Божага трона малітвы, просячы аб ласцы здароўя для хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячага цэнтра.

У літургіі таксама часта ўдзельчаюць і падапечныя цэнтра, бацькі з дзецьмі.

Абноўлена 19.10.2023 09:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа