Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі Кофі Анана, які быў Генеральным сакратаром ААН з 1997 па 2006 год, і іншых членаў міжнароднай недзяржаўнай арганізацыі The Elders, у тым ліку Мэры Робінсан — Прэзідэнта Ірландыі з 1990 па 1997 год.
Гэту арганізацыю заснаваў 10 гадоў назад Нэльсан Мандэла з мэтай распаўсюджвання міру і правоў чалавека. У яе ўвайшлі сусветныя лідары і былыя дзяржаўныя дзеячы.
У інтэрв’ю Радыё Ватыкана Кофі Анан патлумачыў, што гэты візіт мае для іх вялікае значэнне, таму што «ў нас шмат агульных каштоўнасцяў». The Elders хацелі сустрэцца з Папам, каб «абмеркаваць спосабы сумеснай працы, як мы можам разам засяродзіць нашы высілкі на некаторых праблемах».
У прыватнасці, гаворка ідзе пра бежанцаў і мігрантаў, пра ядзерную зброю і пра пасрэдніцтва ў канфліктах. «Я спадзяюся, што гэта будзе першая з мноства рэчаў», — сказаў Кофі Анан.
Мэры Робінсан са свайго боку падзякавала Святому Айцу за служэнне і «за абавязацельства надзяліць голасам тых, у каго няма голасу». Яна адзначыла, што некаторымі сферамі сумеснай дзейнасці могуць быць вырашэнне канфлікту ў Венесуэле і ў Конга, а таксама кліматычныя змены — гэта тэма асабліва дарагая спадарыні Робінсан.
Сустрэча з Папам Рымскім прайшла ў цёплай атмасферы, і Мэры Робінсан асабліва ўразіла тое, «што Папа жартаваў і адчуваў сябе сярод нас у сваёй талерцы: якраз таму, што ў нас ёсць агульныя каштоўнасці, маральныя намеры і праблемы».