Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме 6-8 лістапада прымае шматлікіх экспертаў экуменізму ў межах міжнароднай канферэнцыі. Мы ўжо пісалі пра ўдзел у канферэнцыі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
Другі дзень форуму быў прысвечаны тэме «Святы Пасад у дыскусіі з Расіяй і хрысціянствам усходняга абраду ад Яна Паўла II да Францішка». Такім чынам, спікеры асвятлілі вектары палітыкі Святога Пасаду акрэсленага перыяду.
Айцец Якаў Кротаў указаў на розніцу экуменічных падыходаў маналогу і дыялогу, скіроўваючы ўвагу да адрознення феадалізму і імперыялізму. Паводле праваслаўнага святара, вектар дыялогу патрабуе «сур’ёзных спрэчак», высвятлення, больш слова, чым дзеяння. У гэтым вымярэнні «Ян Павел II больш чалавек „гаваркі», чым падарожнік, хоць і зрабіў шмат падарожжаў», — адзначыў айцец Якаў.
Арганізатар форуму кс. праф. Ян Мікрут заўважае, што ў літаратуры Ян Павел II прадстаўлены як прарок. «Ад прарока, — адзначае спікер — чакаецца шмат знакаў, вымаганняў». «Няма нічога, што было б для забыцця, — дадае гісторык. — Забыццё пра волатаў для супольнасці азначае хваробу, а для Касцёла — амаль смерць».
Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі, акрэсліў супольныя захады экуменічнага дыялогу на шматлікіх прыкладах з уласнага жыцця. «Дыялогу служаць канкрэтныя жэсты, — заўважыў архімандрыт. — Дыялог — гэты ключавое слова, аднак (…) у дыпламатыі часцей маем справу з падвойным маналогам, чым з дыялогам».
Кажучы пра палітычныя вектары Святога Пасаду адносна Усходу, архімандрыт указвае на ўспрыняцце Расіі «не як структуры, але як хрысціян, якія там жывуць (...). Гэта пастава — вынік не столькі стратэгіі „гары”, колькі ўдзелу і пэўнай місіі».
«Першым вектарам, прынамсі для Беларусі, быў Другі Ватыканскі Сабор. Між іншым, таму, што на Саборы прысутнічаў біскуп Чэслаў Сіповіч, менаваны папярэдне Апостальскім адміністратарам для беларусаў (...)». Архімандрыт адзначыў важнасць сустрэч у Рыме біскупа Чэслава з беларускім праваслаўным протапрасвітарам а. Віталіем Баравым, якія, між іншым, і фармавалі паставу дыялогу з Праваслаўнай Царквой. «Другі [вектар кантакту з усходнім хрысціянствам] — гэта энцыкліка Slavorum Apostoli і ўся традыцыя Кірыла і Мятода (...), гэта аснова натхнення для адкрыцця на Усход», — падагульніў архімандрыт.
Марцін Лутэран, прафесар са Славакіі, асвяціў тэму веры, якая «чытае знакі часу», у кантэксце «падпольнага» Касцёла ў сваёй краіне. Навуковец прадставіў прыклад ахвярнага служэння Сільвестара Карчмэры і кс. Уладзіміра Юклема і іх ролю ў арганізацыі «падпольных» структур Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Славакіі падчас камунізму.
Нягледзячы на ганенні і зняволенні дзеячаў веры, іх словы застаюцца мацнейшымі, нягледзячы на моц пераследнікаў. «У вас у руках — улада, але ў нас — праўда, — адзначаў Сільвестар Карчмэры. — Мы не зайздросцім вашай сіле, і я не маю ніякага жадання да гэтага. Для нас дастаткова праўды, таму што яна большая і мацнейшая, чым улада. Той, хто мае ў руках уладу, часта думае, што можа схаваць праўду, задушыць, забіць або ўкрыжаваць яе! Але праўда заўсёды ўздымаецца і ўваскрасае з мёртвых! Як гэта робіць, часам, нават на трэці дзень».
«Яны могуць забраць у нас многае, нашую літаратуру, самвыд і гэтак далей, — спікер цытуе кардынала Карэца, — але яны не могуць забраць ад нас маленькія супольнасці маладых людзей. Мы не можам паддацца гэтай крайнасці!»
«Калі я рыхтаваў гэтую тэму, то задумаўся: якое значэнне гэта мае для майго пакалення? — звярнуў увагу праф. Лутэран. — Нягледзячы на прапаганды і іншыя праблемы (...), неабходна вучыцца глядзець на свет духоўна. Ці маем мы такую веру? Я сумняюся».
Польскі сацыёлаг Міхал Лучэўскі акрэсліў пазіцыі некаторых дзеячаў гісторыі пад поглядам тэрмінаў «словянскі» і «славянскі». Спікер указаў на фундаментальную розніцу абодвух падыходаў і іх уплыў на гісторыю. Згодна са словамі прафесара, «плён слова з’яўляецца дзеяннем Духа Святога», аднак «існуе неабходнасць пераходу ад славы да слова».
Спікер акрэслівае гэтую патрэбу, спасылаючыся на Юліўша Славацкага, польскага паэта эпохі рамантызму, які разумеў «славу» ў негатыўным разуменні як «пустую славу», а не ў значэнні «хвалы» пазітыўнай.
Міхал Лучэўскі пракаментаваў розніцу ў мысленні Аўэрбаха, які разглядае слова ў «эпосе» і «Бібліі». Навуковец указвае, што ў «эпосе» слова стараецца «спадабацца», аднак у «Cвятым Пісанні» прароцкае слова «дражніць», выклікаючы сапраўдную перамену.