26 кастрычніка каля 15.00 па рымскім часе адбыўся сеанс сувязі папы Францішка з экіпажам Міжнароднай касмічнай станцыі. Ён працягваўся каля 20 хвілін.
У арбітальнай сустрэчы прынялі ўдзел шэсць астранаўтаў: чатыры амерыканцы, два расіяніны і адзін італьянец — 60-гадовы Паоло Неспалі, самы вялікаўзроставы астранаўт, які пабываў на МКС. Цяперашняя касмічная экспедыя для яго ўжо трэцяя.
Менавіта да яго Пантыфік скіраваў першае пытанне. “Астраномія дазваляе сузіраць бязмежныя гарызонты сусвету і абуджае ў нас пытанні: адкуль паходзім? Куды ідзём? У святле вашага касмічнага досведу, што вы думаеце пра месца чалавека ў сусвеце?» — спытаў Святы Айцец.
Папу Францішка таксама цікавіла, як астранаўты ставяцца да сцвярджэння, што любоў з’яўляецца сілай, якая стварае рух у сусвеце; што іх падштурхнула абраць касмічную прафесію; што найбольш радуе і здзіўляе падчас знаходжання на МКС?
Святы Айцец заўважыў, што нашы грамадствы вельмі індывідуалістычныя, а ў жыцці важным з’яўляецца супрацоўніцтва. У сувязі з гэтым Пантыфік папрасіў астранаўтаў распавесці пра які-небудзь значны прыклад супрацоўніцтва на касмічнай станцыі.
«Дарагія сябры! Хачу сказаць — дарагія браты, бо мы лічым вас прадстаўнікамі ўсёй чалавечай сям’і ў такім навуковым праекце, як МКС! Сардэчна вам дзякую за гэтую размову, якая мяне вельмі ўзбагаціла. Няхай Пан благаславіць вас, вашу працу і вашы сем’і. Я малюся за вас, і вы, калі ласка, маліце за мяне», — сказаў Папа на заканчэнне дыялогу.
Папярэдні сеанс сувязі паміж Ватыканам і МКС праходзіў у 2011 г. з нагоды заканчэння місіі і апошняга палёту амерыканскага карабля з серыі Shutle Endeavour. Тады свае пытанні астранаўтам скіроўваў Бэнэдыкт XVI.