Пошук

26.10.2017 09:06   be.radiovaticana.va / Catholic.by

Вада — гэта элемент супрацоўніцтва, а не канфліктаў, падкрэсліў Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П’етро Паралін падчас Сусветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні па праблемах вады і клімату.

Форум праходзіў 23–25 кастрычніка ў Рыме. «Пастаяннае павелічэнне патрэбы ў вадзе з’яўляецца адным з самых складаных выклікаў сённяшняга і заўтрашняга дня, што стаіць перад міжнароднай супольнасцю», — адзначыў іерарх.

Кардынал Паралін нагадаў, што многія катастрафічныя наступствы кліматычных змен выкліканы не толькі прыродным фактарам, але і чалавечай дзейнасцю. Дзяржсакратар з жалем заўважыў, што працягваецца забруджванне ваданоснага слою і рэк, знішчэнне лясоў, нагадаў пра сувязь паміж кліматычнымі зменамі і прыроднымі бедствамі, звязанымі з вадой, якія на працягу апошніх 30 гадоў складалі 90% ад усіх катаклізмаў.

У сваім дакладзе кардынал закрануў пытанне так званых «водных войнаў», асабліва вакол рэк, азёр і водных басейнаў, падзеленых паміж некалькімі краінамі. Іерарх заклікаў вырашаць падобныя праблемы з дапамогай палітычных і тэхналагічных пагадненняў, памятаючы, што вада можа быць элементам супрацоўніцтва і дыялогу, нагодай для міру і салідарнасці, а кіраванне воднымі рэсурсамі павінна здзяйсняцца паводле прынцыпу дзялення.  

«Трансгранічныя водныя рэсурсы, падзеленыя паміж некалькімі дзяржавамі, даюць магчымасць як для суперніцтва і канфліктаў, так і для супрацоўніцтва і салідарнасці, з моманту, калі разумеюцца ў якасці ключавога фактару для эканамічнай стабільнасці кожнай дзяржавы», — падкрэсліў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

У другой палове ХХ стагоддзя было заключана больш за 200 дамоваў аб вадзе, і гэта дэманструе, што трансгранічнае супрацоўніцтва ў воднай сферы з’яўляецца, па словах кардынала Параліна, «каштоўным прыкладам доўгатэрміновага прадухілення канфліктаў».

Бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў аб праве доступу да вады, асабліва для бедных. Вада — гэта фундаментальны фактар для развіцця, таму што неналежнае кіраванне ёю правакуе нягоднае жыццё, цяжкасці ў сельскагаспадарчым сектары, дрэнныя гігіенічныя ўмовы. Усе гэтыя феномены прыводзяць да вымушанай міграцыі, падкрэсліў іерарх.

Сусветная сустрэча на вышэйшым узроўні па праблемах вады і клімату праходзіла ў рымскім Капітоліі. Форум сабраў разам прадстаўнікоў краін, на тэрыторыі якіх знаходзіцца большасць рачных басейнаў свету. Да ўдзельнікаў саміту сваё пасланне скіраваў Папа Францішак.

Абноўлена 26.10.2017 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.