Увечары 28 лістапада кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні заявіў, што Папа Францішак па рэкамендацыі медыкаў вырашыў адмяніць свой запланаваны ўдзел у кліматычным саміце ў Дубаі.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, нягледзячы на тое, што агульны стан здароўя Святога Айца ў сувязі з грыпам і запаленнем дыхальных шляхоў палепшыўся, лекары рэкамендавалі яму не ехаць у Дубай на канферэнцыю COP 28, запланаваную на бліжэйшыя дні.
Папа Францішак з вялікім шкадаваннем прыняў рэкамендацыю медыкаў і вырашыў адмяніць паездку.
Матэо Бруні дадаў, што Пантыфік і Святы Пасад па-ранейшаму жадаюць удзельнічаць у дыскусіях, якія пройдуць на працягу наступных некалькіх дзён. Умовы, на якіх гэта можа адбыцца, будуць вызначаны ў бліжэйшы час.
Папа Францішак павінен быў скіравацца з трохдзённым візітам у Дубай 1 снежня. Там былі запланаваныя двухбаковыя прыватныя сустрэчы і яго прамова на Канферэнцыі COP 28. Таксама планаваўся ўдзел Папы ва ўрачыстым адкрыцці Павільёна веры ў выставачным комплексе Expo City.
Дубайскі саміт па змяненні клімату пройдзе з 30 лістапада па 12 снежня. Яго цэнтральная тэма — абарона глабальных харчовых сістэм.