Пошук

09.01.2024 07:37   Тэкст: jezuity.by / Фота: jesuits.global

На дахах рымскага Калегіума Бэлярміна (Collegio Bellarmino) два езуіты стварылі вісячы сад, працягваючы традыцыю, якая мае асаблівае значэнне для Таварыства Езуса, асабліва ў той час, калі пасадка дрэваў набыла яшчэ большае значэнне, чым раней.

Пра незвычайную ініцыятыву рымскіх манахаў і яе глыбінныя вытокі апавядае сайт езуітаў у Беларусі jezuity.by.

У кожную эпоху езуіты стваралі сады. Хіба гэта дзіва? Кожны, хто паглыбляе сваё духоўнае жыццё або дапамагае іншым пазнаць Бога, хутка зразумее, чаму яны так рабілі: сад — гэта месца сустрэчы. Біблія кажа пра гэта, пачынаючы з Эдэнскага саду на першых старонках і заканчваючы горадам-садам нябеснага Ерузалема на апошніх, узгадваючы па дарозе, між іншымі, «замкнёны сад» у Песні Песняў. Уваскрасенне Хрыста адбываецца ў садзе, і Ён усё яшчэ чакае нас там.

У гісторыі Таварыства любоў да садоў выяўлялася ў самых розных формах, як навуковых, так і духоўных, а таксама адчувальных на дотык — рукамі, якія працуюць з глебай у літаральным сэнсе.

Энцыкліка Laudato Si’ і Апостальскі прыярытэт «Клопат аб нашым супольным доме», устаноўлены падчас апошняй Генеральнай Кангрэгацыі, надаюць гэтай традыцыі новую актуальнасць.

Батанікі і садоўнікі-езуіты

Пра Саламона было сказана, што ён «гаварыў пра дрэвы, пачынаючы ад кедра, што ў Лібане, аж да гізопу, які расце на муры» (1 Вал 4, 33). Езуіты рабілі тое самае: гісторыя Таварыства багатая на батанікаў. Несумненна, піянерам быў Джаванні Батыста Фэрары (каля 1584–1655), які першым даў навуковае апісанне сямейства цытрусавых.

Місіянерскі бум Таварыства спрыяў захапленню яго членаў раслінным царствам у розных кутках свету: клопат пра душы ўвасобіўся ў клопаце пра глебу і ўсе віды раслін, пачынаючы з лекавых відаў. Колькасць батанічных садоў павялічвалася.

Сад, створаны партугальскім езуітам Жуанам дэ Лурэйру (каля 1715–1791) у В’етнаме, змяшчае больш за 1000 розных відаў раслін, і браты езуіты адыгралі ў гэтай авантуры незвычайную ролю. Нельга не згадаць брата Джузэпэ Кастыльёнэ (1688–1791), высокаталенавітага мастака, які ўдзельнічаў у стварэнні саду ў імператарскіх палацах Пекіна. Іншы геній, брат Жустэн Жыйе (1866–1943), стварыў месца, якое пазней стала найбуйнейшым батанічным садам у цэнтральнай Афрыцы ў Кісанту, у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Сёння ён занесены ў спіс Сусветнай спадчыны.

Езуіты Джаванні Батыста Фэрары і Генры Хокінс (1577–1646) пісалі эстэтычныя разважанні аб садах. Луі Рышом (1544–1625), натхнёны садам у навіцыяце ў Сант-Андрэа-аль-Квірынале ў Рыме, апісанне саду спалучаў з кантэмпляцыяй Ad amorem, якая запрашае нас «убачыць, як Бог жыве ў стварэннях», асабліва «ў раслінах, выклікаючы іх рост…» (пар. Духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя Лаёлы, 235).

Сад на 360 градусаў

Сёння сад Сант-Андрэа ператвораны ў гарадскі парк, у якім захаваліся шматлікія кедры і вялікае камфарнае дрэва, пасаджанае езуітамі. Менш чым за кіламетр адтуль на велізарным балконе Калегіума Бэлярміна быў закладзены новы вісячы сад.

Спачатку быў распрацаваны план саду, у якім наяўная тэрыторыя была разгледжана з усіх бакоў, а таксама былі вызначаны месцы для размоў і зацішныя куткі для кантэмпляцыі. Ірыгацыйная сістэма ўсталявана так, што сад можа змясціць каля 30 дрэваў, пераважна тых відаў, якія паходзяць з міжземнаморскага басейна: дубы, хвоі, інжыр, гранатавыя дрэвы, усе віды цытрусавых і з дзясятак аліўкавых дрэваў. Побач з імі расце вялікая колькасць раслін, у тым ліку дзве велізарныя камеліі, назва якіх паходзіць ад прозвішча чэшскага езуіцкага батаніка і місіянера на Філіпінах Георга Ёзафа Камела (1661–1706).

Цэнтр Рыма амаль суцэльна заняты каменем і цэментам, дрэваў зусім няшмат. Упрыгожыўшы зелянінай дах Калегіума Бэлярміна, мы імкнуліся адказаць на актуальную патрэбу нашага часу.

Бо, па словах батаніка Стэфано Манкуза, «нашыя гарады, у якіх жыве 50 працэнтаў насельніцтва свету, адказныя і за выкіды найбольшай колькасці CO2. Гарады павінны быць цалкам пакрытыя раслінамі. Не толькі ў адведзеных месцах: парках, садах, клумбах і гэтак далей, але і на дахах дамоў, балконах, тэрасах, тратуарах, комінах, святлафорах і інш. Павінна існаваць толькі адно простае правіла: усюды, дзе ёсць магчымасць жыць расліне, яна мае быць».

Сад над Бэлярмінам — цалкам адкрытая прастора, з якой адкрываецца агляд на 360 градусаў. У ім ёсць надпіс, які цытуе аднаго з першых езуітаў, Гераніма Надаля, які сказаў: «Свет — наш дом». Праз гэтыя дрэвы на балконе велізарнае пачуццё салідарнасці яднае нас з езуітамі і іх сябрамі па ўсім свеце, якія ўзяліся за справу паўторнага насаджэння і аднаўлення лясоў, каб запэўніць, што свет застаецца «агульным домам» для ўсёй чалавечай сям’і.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа