Пошук

15.07.2024 14:29   Vatican News
Кляштар кармэлітаў босых у Бярдычаве — Усеўкраінскі санктуарый Маці Божай Шкаплернай. Фота: sanctuary.karmel.org.ua

Папа Францішак прызначыў свайго Спецыяльнага пасланніка (Легата) на ўрачыстасці, якія пройдуць 21 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай ва ўкраінскім Бярдычаве. Ім стаў найбліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, урачыстасці, у якіх возьме ўдзел прадстаўнік Папы Францішка, прымеркаваныя да завяршэння агульнанацыянальнай пілігрымкі ўкраінскіх католікаў у нацыянальны Марыйны санктуарый.

У папскім лісце, апублікаваным прэс-службай Святога Пасаду 13 ліпеня, нагадваецца, што святыня, якая знаходзіцца пад апекай кармэлітаў босых, атрымала статус Нацыянальнага санктуарыя ў 2011 годзе, але традыцыя пілігрымак туды шматвяковая. Яна ўзыходзіць да першай паловы XVII стагоддзя, калі ў 1630 годзе кіеўскі ваявода Януш Тышкевіч на знак падзякі за вызваленне ад татараў заснаваў у Бярдычаве кляштар і ахвяраваў яму абраз Маці Божай Снежнай, створаны ў XVI стагоддзі. Неўзабаве гэты абраз сталі ўшаноўваць вернікі з усёй краіны.

«Заахвочвайце ўсіх удзельнікаў гэтай урачыстасці нястомна маліць Каралеву супакою аб спыненні вайны ва Украіне і ва ўсіх частках свету, каб яны бралі прыклад з Благаслаўлёнай сярод жанчын, бо Яна найбольш даспадобы Богу, які рассейвае тых, хто пыхлівы сэрцам, і ўзвышае пакорных (пар. Лк 1, 51–52)», — напісаў Папа Францішак кардыналу Параліну.

Напрыканцы ліста Папа просіць свайго Легата несці яго благаслаўленне, а таксама «добразычлівасць і блізкасць у гэты надзвычай цяжкі для дарагога народа Украіны час».

Паведамляецца таксама, што суправаджаць Дзяржаўнага сакратара будуць рэктар семінарыі Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі айцец Руслан Міхалкоў і сакратар Львоўскага Мітрапаліта лацінскага абраду айцец Андрэй Ляховіч.

Абноўлена 15.07.2024 14:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа