«Можна эфектыўна камунікаваць нават тады, калі не хопіць слоў, як у выпадку Яна Паўла ІІ падчас яго доўгай хваробы, або калі адважна і плённа ідзеш праз цяжкія часы, як гэта было падчас Пантыфікату Бэнэдыкта XVI, або калі ў распараджэнні маеш абмежаваную колькасць моваў, як у выпадку Пантыфікату папы Францішка», — адзначыў 24 кастрычніка ў Варшаве кс. Фэдэрыко Ламбардзі SJ, шматгадовы прэс-сакратар Ватыкана і дырэктар Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
Былы прэс-сакратар двух Пантыфікаў знаходзіцца ў польскай сталіцы з нагоды атрымання тытулу Doctor honoris causa варшаўскага Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага.
У прамоўленым падчас гэтай урачыстасці дакладзе кс. Ламбардзі падзяліўся сваімі ўспамінамі і назіраннямі адносна таго, як тры Пантыфікі — сапраўдныя пачынальнікі ў справе супрацоўніцтва са СМІ — абвяшчалі Евангелле і вялі дыялог з вернікамі праз мас-медыя.
Кажучы пра св. Яна Паўла ІІ, кс. Ламбардзі падкрэсліў, што Папа бачыў СМІ як прыладу для дыялогу нават з тымі, да каго ён не ў стане быў прыбыць асабіста.
«Я тады думаў: як далёка пойдзе гэтае папскае служэнне ў будучыні? Гэтаму аптымістычнаму бачанню СМІ, якое я люблю называць “прарочым”, Ян Павел ІІ вельмі цешыўся, — узгадаў святар. — Колькі душпастыраў сёння мае адвагу так выразна, як ён, бачыць у СМІ ўжо існуючае і патэнцыяльнае дабро».
Па словах кс. Ламбардзі, Вялікі Папа давяраў СМІ і меў адвагу быць тым, за кім назіраюць. «Для Яна Паўла ІІ было відавочна, што для Божых вачэй усё яго жыццё голае і адкрытае. Дык чаму ён павінен быў баяцца позірку людзей?» — дадаў былы дырэктар Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
Дзелячыся досведам працы з Бэнэдыктам XVI, кс. Ламбардзі узгадаў імпануючую дакладнасць і празрыстасць фармуляваных думак і жаданне Папы даць як мага больш поўны і абдуманы адказ — што было нечакана для журналістаў, якія прывыклі да пэўнай «спантаннасці» ў кантактах з Янам Паўлам ІІ, хоць гэта не павінна ўспрымацца як пэўная дыстанцыя ў адносінах са СМІ.
«Ён не даваў тут жа адказу на кожнае пытанне, адказваў абдумана, як мага больш поўна (нават калі адказваў ad hoc), з уступам, развіццём і заканчэннем, — падкрэсліў езуіт. — Ніколі, аднак, не пазбягаў складаных пытанняў».
Ксёндз Ламбардзі нагадаў, што Бэнэдыкт XVI быў і застаецца «супрацоўнікам праўды» (гэтыя словы, між іншым, ён выбраў сваім біскупскім і папскім заклікам), што выражалася таксама ў спосабе, якім ён вёў Касцёл праз цяжкі вопыт, як, напрыклад, сексуальныя злачынствы ў Касцёле.
Пра вопыт супрацоўніцтва з папам Францішкам кс. Ламбардзі гаварыў, указваючы на яго камунікатыўныя здольнасці і адкрытасць на СМІ. Як падкрэсліў езуіт, хоць цяперашні Пантыфік не валодае мноствам замежных моваў, аднак ён мае дар аб’ядноўваць людзей многіх культур і народаў і камунікаваць з імі.
«Стыль яго служэння не вынікае з прыняцця нейкай новай “камунікатыўнай стратэгіі”, абдуманай за сталом. Гэта плён перажыванай спантанна і ў поўнай праўдзе паставы духоўнай і душпастырскай, вельмі набліжанай да паставы Езуса ў Евангеллі. Іншымі словамі, папа Францішак — аўтэнтычны, і праз гэта таксама верагодны», — патлумачыў былы дырэктар Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
У цэнтры навучання папы Францішка, як дадаў кс. Ламбардзі, знаходзіцца «сэрца Евангелля», якое натхняе, між іншым, да будавання яснага і плённага паслання пра Божую міласэрнасць. «Плённасць абвяшчэння міласэрнасці з’яўляецца найбольш спецыфічнай ласкай гэтага Пантыфікату, бо тое, якім чынам папа Францішак яе абвяшчае, стварае сапраўды жывы і канкрэтны ўзор новай евангелізацыі», — сказаў кс. Ламбардзі.