Пошук

19.10.2017 14:17   http://ru.radiovaticana.va / Catholic.by

Смерць, пра якую ўсё больш замоўчваецца ў сучаснай культуры, для веруючага чалавека з’яўляецца «дзвярыма, якія цалкам расчыняцца», а для тых, хто мае сумневы, гэта «пробліск святла», які прасочваецца з выхаду, «зачыненага не да канца».

Папа Францішак казаў пра гэта на агульнай аўдыенцыі 18 кастрычніка, зноў прысвяціўшы яе тэме хрысціянскай надзеі.

Святы Айцец заклікаў задумацца пра момант сваёй смерці: «Няхай кожны задумаецца пра сваю смерць і ўявіць сабе гэты момант. Ён настане, калі Езус возьме нас за руку і скажа: “Ідзі, ідзі да Мяне, уставай”. Тады скончыцца надзея і настане рэальнасць, рэальнасць жыцця. Падумайце: сам Езус прыйдзе да кожнага з нас і возьме за руку, з пяшчотай, лагоднасцю і любоўю».

Часта здараецца, што смерць настае, калі мы зусім не гатовы і «пазбаўлены нават падыходзячай “азбукі” для таго, каб занатаваць узважаныя словы вакол гэтай таямніцы, якая ўсё роўна застаецца».

У некаторых культурах, як адзначыў Папа, людзі мелі мужнасць «глядзець смерці ў аблічча»; людзі ва ўзросце расказвалі пра яе новым пакаленням як пра непазбежнае, што «абавязвала чалавека жыць для нечага безагаворачнага». Уменне «лічыць дні нашыя», якія «хутка мінаюць», надзяляе нас «сэрцам мудрым» (гл. Пс 89).

«Смерць, — працягваў Пантыфік, — агаляе нашае жыццё. Яна прымушае зразумець, што нашая пыха, нашыя гнеў і нянавісць былі марнасцю, толькі марнасцю. Мы з жалем заўважаем, што любілі недастаткова і не шукалі галоўнага. І наадварот, мы выяўляем тое добрае, што насамрэч пасеялі, блізкіх, дзеля якіх ахвяравалі сабой і якія цяпер працягваюць нам руку».

Езус, які плакаў на магіле свайго сябра Лазара, праліў святло на таямніцу нашай смерці: смерць прысутнічае ў стварэнні, але яна з’яўляецца плямаю, якая сапсавала Божую задуму любові, і Збаўца хоча нас аздаравіць.

Кожны раз, калі смерць прыходзіць, каб «разарваць тканку жыцця і любові», Езус прыносіць упэўненасць: «Усё нашае жыццё праходзіць тут, паміж схілам веры і прорвай страху. Я — не смерць, — кажа Езус, — Я ёсць уваскрасенне і жыццё. Ці верыш ты?»

Езус возьме нас за руку, як Ён узяў за руку цяжкахворую дачку Яіра, і яшчэ раз паўторыць кожнаму з нас: «Устань, уваскрэсні».

Абноўлена 19.10.2017 14:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця