«Бог, нават расчараваны нашымі памылкамі і грахамі, не перастае быць верным свайму слову, не спыняецца і, перадусім, не помсціць!» — адзначыў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 8 кастрычніка.
Святы Айцец звярнуўся да зместу літургіі гэтай нядзелі, у якой прапануецца прыпавесць пра вінаградараў, якім гаспадар даручае вінаграднік. Калі прыйшоў час збіраць вінаград, вінаградары сталі паводзіць сябе як уласнікі і не жадаюць аддаць ураджай. «Яны здзекуюцца з пасланых слугаў і нават забіваюць іх. (…) Нарэшце, у сваёй цярплівасці, ён (гаспадар) вырашае паслаць свайго сына; аднак гэтыя вінаградары, ахопленыя жаданнем усім завалодаць, забіваюць таксама і сына, мяркуючы, што такім чынам спадчына дастанецца ім», — прывёў кароткі змест прыпавесці папа Францішак.
«У гэтым апавяданні алегарычна паказаныя заўвагі, з якімі прарокі звярталіся на працягу гісторыі Ізраэля. Гэта таксама і нашая гісторыя: маецца на ўвазе саюз-запавет, які Бог пажадаў заключыць з чалавецтвам і ўдзельнічаць у якім паклікаў таксама і нас, — падкрэсліў Пантыфік. — Каб даць зразумець, якім чынам Бог Айцец адказвае на адыходы ў адказ на Яго любоў і прапанову саюзу-запавету, евангельскі тэкст укладае ў вусны гаспадара вінаградніку пытанне: “Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць з гэтымі вінаградарамі?” Гэтае пытанне падкрэслівае, што расчараванне Бога крывадушнымі паводзінамі людзей — гэта не апошняе слова!
І ў гэтым заключаецца вялікая навіна хрысціянства: Бог, нават расчараваны нашымі памылкамі і грахамі, не перастае быць верным свайму слову, не спыняецца і, перадусім, не помсціць!»
«Праз сітуацыі слабасці і граху Бог працягвае разліваць “новае віно” свайго вінаградніку, гэта значыць міласэрнасць; гэта і ёсць новае віно з вінаградніку Пана — міласэрнасць.Ёсць толькі адна перашкода для нязменнай і лагоднай Божай волі: нашае нахабства і самаўпэўненасць, што часам перарастае ў насілле! Адносна такіх паводзінаў, якія не даюць ніякага плёну, Божае Слова захоўвае ўсю сваю моц дакору і папярэджання: “Адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго”», — працягваў папа Францішак.
Як падкрэсліў Пантыфік, «неабходнасць адказаць пладамі добрых учынкаў на заклік Бога, які заклікае нас быць Ягоным вінаграднікам, дапамагае нам зразумець, што ёсць новага і незвычайнага ў хрысціянскай веры». «Яна не зводзіцца да сукупнасці маральных нормаў і прадпісанняў: гэта перадусім прапанова любові, якую Бог праз Езуса Хрыста прапанаваў і не перастае прапаноўваць чалавецтву», — сцвердзіў Святы Айцец.
«Мы пакліканыя выйсці з вінаградніку, каб прысвяціць сябе служэнню братам, якія не з намі, каб падбадзёрваць і заахвочваць адзін аднаго, каб нагадаць адно аднаму, што мы павінны быць вінаграднікам Пана ва ўсіх асяродках, нават найбольш аддаленых і няўдзячных», — падсумаваў папа Францішак.