Пошук

12.09.2017 13:36   ru.radiovaticana.va / Catholic.by

Абнародавана апостальскае пасланне motu proprio папы Францішка «Magnum principium», якое ўносіць некаторыя папраўкі ў 838-ы канон Кодэкса кананічнага права. Гэты канон вызначае паўнамоцтвы адносна перакладаў літургічных тэкстаў.

Тлумачачы прычыны, якія прывялі да гэтых зменаў, Святы Айцец нагадвае пра абавязак біскупаў рыхтаваць і ўхваляць пераклады літургічных кніг. Пасля Другога Ватыканскага Сабору лацінскі Касцёл усведамляў, з якой ахвярай звязана ўвядзенне сучасных моў у літургію пасля стогадовай традыцыі выкарыстання лацінскай мовы ва ўсіх лакальных Касцёлах.

Ад часоў Сабору Апостальскі Пасад выдаваў шматлікія кіраўніцтвы, дапаможнікі, пасланні, зацвярджаў літургічныя кнігі. Усе ўказанні, якія ўнесены ў іх, былі і застаюцца крытэрыем для дзейнасці літургічных камісій.

Мэта перакладу літургічных і біблейскіх тэкстаў, якія выкарыстоўваюцца ў літургіі, — піша папа Францішак, — заключаецца ў тым, каб «абвяшчаць вернікам слова збаўлення ў паслухмянасці веры». «Гэтая мэта патрабуе дакладнага перадавання вызначанаму народу праз яго мову таго, што Касцёл імкнуўся перадаць іншаму народу праз лацінскую мову», — адзначае Пантыфік у тэксце motu proprio.

Папа Францішак нагадвае, што паміж біскупскімі канферэнцыямі і Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў павінна быць «пастаяннае супрацоўніцтва і цалкам узаемны, пільны і крэатыўны давер». З гэтай нагоды Пантыфік пажадаў унесці некаторую яснасць у прынцыпы, выкладзеныя яшчэ Другім Ватыканскім Саборам, каб садзейнічаць плённаму супрацоўніцтву паміж Апостальскім Пасадам і біскупамі.

Святы Айцец уносіць некалькі паправак у канон 838 Кодэкса кананічнага права, які датычыць перакладу літургічных тэкстаў на мовы свету. Параграф 2 гэтага канона ў актуальным на сёння кодэксе кажа, што ў правамоцтвы Апостальскага Пасаду ўваходзіць «кіраўніцтва святой літургіяй ва ўсім Касцёле, выданне літургічных кніг і разгляд іх перакладаў на сучасныя мовы, а таксама нагляд за тым, каб літургічныя правілы слушна захоўваліся паўсюль». Папраўка да гэтага параграфа кажа, што ў правамоцтвы Апостальскага Пасаду ўваходзіць «кіраўніцтва святой літургіяй ва ўсім Касцёле, выданне літургічных кніг, разгляд перапрацовак, ухваленых паводле нормаў права біскупскімі канферэнцыямі, а таксама нагляд за тым, каб літургічныя правілы слушна захоўваліся паўсюль».

Паводле актуальнай на сёння версіі 3 параграфа 838 канона, «задача канферэнцыі біскупаў — рыхтаваць пераклады літургічных кніг на сучасныя мовы, выконваючы іх належную апрацоўку ў межах, вызначаных у саміх літургічных кнігах, а таксама выдаваць іх пасля папярэдняга зацвярджэння Святым Пасадам». З улікам папраўкі ў гэтым параграфе цяпер гаворыцца: «Задача канферэнцыі біскупаў — рыхтаваць пераклады літургічных кніг на сучасныя мовы, выконваючы іх належную апрацоўку ў вызначаных межах, ухваляць і выдаваць літургічныя кнігі для рэгіёнаў, якія адносяцца да іх, пасля зацвярджэння Апостальскім Пасадам».

Да папраўкі ў другі параграф дадаецца ўдакладненне, што слова recognitio, якое ў актуальнай на сёння італьянскай версіі Кодэкса кананічнага права перакладаецца тэрмінам autorizzare («дазваляць», «зацвярджаць»), не адпавядае значэнню гэтага слова. У тлумачэнні Папскай рады па перакладу заканадаўчых тэкстаў адзначаецца, што тут гаворка ідзе не пра ўхваленне або дазвол, а «пра даследаванне, уважлівы і падрабязны разгляд».

Папраўкі ў Кодэкс кананічнага права ўступяць у сілу 1 кастрычніка.

Абноўлена 13.09.2017 17:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця