Пошук

29.08.2017 10:39   sib-catholic.ru / Catholic.by
Рафаэль. «Бачанне Крыжа» (1520)

Падчас рэстаўрацыйных прац у славутай Зале Канстанціна ў Апостальскім палацы ў Ватыкане выявілі дзве алегарычныя фігуры, якія, мяркуючы па ўсім, належаць пэндзлю Рафаэля і былі напісаны незадоўга да яго заўчаснай смерці ў 1520 годзе.

Пра гэта паведамляе сайт Смітсанаўскага інстытута.

У пачатку XVI стагоддзя папа Юлій ІІ даручыў італьянскаму мастаку Рафаэлю спраектаваць Залу Канстанціна — комнату для прыёмаў у папскім палацы ў Ватыкане. Рафаэль зрабіў накіды планаў залы, але раптоўна памёр у 1520 г., не паспеўшы выканаць даручэнне.

Працу над маляўнічым убраннем залы даручылі вучням Рафаэля — так да сёння лічылі эксперты. Але рэстаўратары, якія працуюць над аднаўленнем першапачатковага аблічча Залы Канстанціна, не так даўно выявілі фрагменты фрэскі, якія, магчыма, былі напісаны не вучнямі Рафаэля, а самім майстрам.

Апошнія працы майстра: «Сяброўства» і «Правасуддзе»

Зала Канстанціна ўпрыгожана чатырма фрэскамі, на якіх адлюстраваны значныя падзеі жыцця першага рымскага імператара Канстанціна, які прыняў хрысціянства. Сярод іх «Бачанне Крыжа», «Бітва Канстанціна і Максенцыя», «Хрост Канстанціна» і «Ахвяраванне Рыму».

Рафаэль. «Бітва Канстанціна і Максенцыя»

Падчас рэстаўрацыі фрэскі «Бачанне Крыжа» даследчыкі расчысцілі алегарычную фігуру «Сяброўства», якая знаходзіцца з краю кампазіцыі. Яна паказвае Канстанціна, які прадчуваў сваю перамогу над Максенцыем.

Другая фігура, якую прыпісваюць Рафаэлю, — алегорыя Правасуддзя. Змешчана яна з краю кампазіцыі «Бітва Канстанціна і Максенцыя».

Італьянская газета La Stampa першая паведаміла пра знойдзеныя фігуры са спасылкай на відэа, змешчанае на канале YouTube Ватыкана. Як патлумачыў газеце кіраўнік тэхнічных і навуковых даследаванняў у Музеях Ватыкана мастацтвазнаўца Арнольд Несельрат, крыніцы XVI стагоддзя сцвярджаюць, што Рафаэль перад сваёй смерцю паспеў напісаць дзве фігуры на фрэсках у Зале Канстанціна.

«Паводле крыніц, у гэтых дзвюх фігур значна больш высокая якасць, чым у тых, што вакол іх», — прыводзіць выданне словы Несельрата.

Тым не менш, эксперты не былі ўпэўнены ў аўтарстве Рафаэля адносна ўзгаданых алегарычных фігур, пакуль у сакавіку 2015 г. не пачаліся рэстаўрацыйныя працы, і тыповая для Рафаэля тэхніка жывапісу на гэтых дзвюх фігурах стала відавочнай.

У іншых месцах Ватыкана ўнёсак Рафаэля больш заўважны. Маляўнічыя фрэскі мастака, у тым ліку знакамітая Афінская школа, упрыгожваюць сцены трох іншых пакояў у Папскім палацы.

Абноўлена 29.08.2017 10:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця